Беларуская Рада культуры і культурніцкія эксперты ў розных накірунках падвялі вынікі 2023 года. Здабыткі і праблемы беларускай культуры ў эміграцыі абмяркоўвалі за круглым сталом, які прайшоў напрыканцы снежня. У падзеі бралі ўдзел Сяргей Будкін, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Аляксандр Чарнуха, Саша Рэйзар, Анастасія Панкратава, Дзяніс Марціновіч, а таксама кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Яна назвала 3 галоўныя кінападзеі і 2 кінатэндэнцыі адыходзячага году, а таксама падзялілася кінапрагнозам на год наступны.
3 галоўныя кінападзеі 2023 года па версіі Ірэны Кацяловіч
1. Стварэнне Беларускай незалежнай кінаакадэміі
Яе запуск адбыўся досыць гучна на еўрапейскім фільм-маркеце Берлінскага кінафестывалю. Там жа былі прэзентаваныя 10 беларускіх кінапраектаў, якія паказалі, што беларускае кіно сёння можа прапанаваць.
2. Прэм’ера дакументальнага фільма «Радзіма» рэжысёраў Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча
Сёлета гэты фільм у пэўным сэнсе трымаў сцяг беларускага кіно на міжнароднай арэне. «Радзіму» паказалі на 20 фестывалях, стужка была намінаваная на еўрапейскі «Оскар», а цяпер знаходзіцца ў доўгім спісе «Оскара» сапраўднага.
3. Адмена фестывалю «Нефільтраванае кіно» ў Мінску
Гэта быў апошні незалежны кінафестываль у краіне і гэта быў завяршальны этап ліквідацыі незалежнай інфраструктуры ў Беларусі.
2 галоўныя кінатэндэнцыі
1. Спробы гуртавання незалежнага беларускага кіно ў замежжы
Гэта стала найбольш актуальным і жыццёва неабходным. Ёсць патрэба і інтэнцыя аб’ядноўвацца і агулам нешта рабіць.
2. Замерласць пераходнага перыяду
Беларускае кіно цяпер у пошуку таго, як існаваць у новых умовах і спрабуе калі не выбудаваць інфраструктуру, то хаця б сістэматызаваць гэтыя целарухі.
Кінапрагноз на 2024 год
Я не ведаю, колькі з 7 мільёнаў еўра, абяцаных Еўрапейскім звязам на беларускую культуру, прызначана на беларускае кіно. Калі раптам гэта будзе сістэматычная падтрымка, то гэта будзе адна гісторыя. Калі не – я прагназую ўсё тую ж павольную адаптацыю да новых умоў і спарадычныя перамогі.
Comments are closed.