Loading

Часта ў каментарах да фатаграфій Аляксандра Валодзіна можна прачытаць, што яго работы нагадваюць кадры з кінафільма. Адчуванне гэтае невыпадковае. «Мне падабаецца здымаць дакументальнае кіно і фатаграфаваць я пачаў, каб навучыцца будаваць кампазіцыю кадра», – распавядае Саша і самаіранічна дадае, што на яго фотаапараце цяпер 104 000 кадраў, і больш за 100 000 з іх ён сапсаваў.   

Пра шлях у фатаграфіі за апошні год Аляксандр Валодзін распавядае дзесяццю кадрамі.  

Фота N1

– Я толькі купіў сабе новую камеру і пару аб’ектываў, вяртаўся з Лодзі дадому на Прагу з камерай у заплечніку. З акна трамвая я ўбачыў фактурнага мужыка на прыпынку «Гданьскі мост». У спробе зрабіць з ім пару кадраў я выскачыў з трамвая і стаў яго здымаць. Ад Віслы валіў туман, і аўтафокус не хацеў працаваць і прамахваўся. А я рабіў кадр за кадрам, раздражняючы мужыка, які праз хвіліну дастаў цыгарэту і запаліў. А да мяне дайшло, што нас на начным прыпынку толькі двое. І што я яго так дапёк, што яшчэ імгненне, і ён на мяне спусціць свайго сабаку. Мужык перайшоў на другі бок трамвайнага пуці, дэманструючы ўсім сваім выглядам, што мне трэба завязваць. Я сеў у бліжэйшы трамвай і паехаў дадому. Кадр, па сутнасці, не атрымаўся. Мне трэба было або бліжэй падысці, або працаваць з ручным фокусам, чаго я тады не ўмеў. З колерам таксама бяда. Я яшчэ не ўмеў апрацоўваць фота. Пасля гэтага выпадку я некалькі разоў трапляў у непрыемныя сітуацыі на Празе, калі мужыкі прымушалі мяне фарматаваць дыск. Але ўсе зубы на месцы, і камера таксама цэлая.

Фота N2

– Кадр на станцыі Warszawa Ochota атрымаўся абсалютна выпадкова. Я выйшаў з цягніка, каб зрабіць перасадку, і вырашыў зрабіць пару фота. Гэты кадр быў першым – каб «прыстрэліцца». Я выпадкова зняў жанчыну, якая правярала, ці ўсе пасажыры выйшлі з цягніка. З колерам я тады працаваць не ўмеў, але ўжо хапала розуму, каб не псаваць кадр і заліць яго ў ч/б. Гэта адзна з маіх найлепшых фатаграфій. Яна надала мне крыху ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Фота N3

– Мой самы любімы сапсаваны кадр. Зроблены ён на Празе на вуліцы 11 лістапада, ноччу. Сябры п’юць піва і размаўляюць паміж сабой. Хлопцы бачылі, што я іх здымаю, і былі не супраць. Мне не хапіла святла, каб кадр атрымаўся. Я мог паставіць тады большую вытрымку, каб паменшыць шумы. Але калі б я тады ведаў, што такое вытрымка і навошта яна патрэбная… У выніку здымак атрымаўся, як з камеры відэаназірання.

Фота N4

– Надвячоркам я ўбачыў хлопцаў, якія ганяюць на скейтах ля Музея навукі Каперніка. Яны хутка рухаліся і расплываліся ў мяне ў кадры. Я ніяк не мог іх зафіксаваць, да таго ж я іх жорстка злаваў, бо здымаў хвілін 40, цягам якіх яны то пасылалі мяне, то паказвалі сярэдні палец. Тады я апускаў камеру і галаву, а потым ізноў іх здымаў. З сарака хвілін атрымалася 4 кадры, якія далёка не ідэальныя, але іх можна паказаць. І гэта адзін з іх.

Фота N5

– Мой сябар і аператар Саша Мароз падарыў мне білеты на Antiflag. На канцэрце я вырашыў здымаць людзей на танцполе і толькі іх. З улікам таго, што на Antiflag быў сапраўдны слэм, мне трэба было чакаць, калі хваля з хлопцамі і дзяўчатамі, якія размахваюць кулакамі і рукамі, адыдзе ад мяне. Калі яна ляцела на мяне, у мяне было ўсяго доля секунды, каб закрыць камеру целам. Усё даводзілася рабіць на ручным фокусе і на шырокафарматны аб’ектыў. У зале было цёмна, як у падвале, і іншага варыянту не існавала.

У пэўны момант, калі я ў чарговы раз захіліў сабой камеру і адвярнуўся да сцэны, каб яе не разнеслі ўшчэнт, я ўбачыў старога панка каля сцэны, які глядзеў на мяне і ўсім сваім выглядам пытаўся: «Табе што, рабіць больш няма чаго?» На драйве я яго сфатаграфаваў з адлегласці 20 сантыметраў. Ад таго часу я, наколькі гэта магчыма, заўсёды спрабую падысці максімальна блізка да героя і зняць яго на шырокафарматны аб’ектыў. 

Гэта, дарэчы, быў адзін з апошніх канцэртаў гурта. Яны распаліся праз месяц, а я так і не зрабіў нармальных кадраў з адыходзячымі легендамі.

Фота N6

– На кадры рэпер Waco на дабрачынным канцэрце сквота «Сірэна». Мяне пусцілі паздымаць на імправізаваную сцэну на даху прыбудовы сквота. З канцэрта было шмат добрых кадраў. Але мяне ўразіла, як здаровы што буйвал мужык, які выкурвае цыгарэту за цыгарэтай, «рассыпаўся» перад маленькай дзяўчынкай. Для сябе я адкрыў, што ў фота мяне захапляюць не толькі агрэсія, драйв і пошукі філасофскага падтэксту, але і сентыментальныя рэчы.

Waco напісаў праз некалькі дзён, што быў уражаны маімі здымкамі. Гэта цешыла. І яшчэ я зразумеў, што больш не магу здымаць у ч/б, бо не магу перадаць паўнавартасную атмасферу таго, што адбываецца. Я ў чарговы раз папрасіў Жэню Мужаву са мной пазаймацца. Дзякуючы ёй мае здымкі набылі колер.

Фота N7

– З-за сімпатый да аўтара кнігі «Плошча Перамогі» для мяне было важна зняць аднайменны спектакль, пастаўлены Аляксандрам Гарцуевым, і атрымаць максімальна добры вынік. Святло ў тэатры на генеральнай рэпетыцыі было жахлівым. Калі я прынёс кадры дадому і аўтаматычна спрабаваў «піпеткай» адбудаваць баланс белага, акцёры ў ім былі колеры гною. Тады я зразумеў, што я папаў. У мяне заўсёды былі цяжкасці з выяўленчым мастацтвам, але прыйшлося ўзгадаць словы Жэні Мужавай, што фатограф – гэта не толькі чувак, які націскае на кнопку фотаапарата, але і мастак. Колер на фота мае мала агульнага з колерам на сцэне. Гэта плён майго ўяўлення, хаця выглядае ўсё рэалістычна.

Фота N8

– На фота – кадр са спектакля «Канец паўкабана» Юры Дзівакова. Я чуў розныя рэцэнзіі на пастаноўкі гэтага беларускага рэжысёра. Ад сябе магу сказаць, што ў Дзівакова лепшая сцэнаграфія, і гэта рай для фатографа. Таму калі мне напісалі, што трэба тэрмінова прыехаць, я кінуў усе справы і сарваўся здымаць. Калі ў вас будзе магчымасць папрацаваць над пастаноўкай Юры Дзівакова як фатографу, пагаджайцеся на любыя ўмовы і едзьце. Вы атрымаеце кадры, якімі зможаце ганарыцца яшчэ шмат гадоў.

Фота N9

– На фота – кадр з мастацкага фільма польскага рэжысёра Конрада Культыса «Нем». Я быў падпісаны на акаўнт Конрада і сачыў за яго работамі. Мне ён падабаўся як малады рэжысёр сваім нестандартным поглядам на кінематограф. Аднак на пляцоўцы я паняцця не меў, што і для каго здымаю, а калі даведаўся пра гэта пастфактум, то крыху прыфігеў. Калі я апрацаваў фатаграфіі, я вельмі ганарыўся работай і вынікам. Аднак пару дзён таму я атрымаў аплявуху. Выйшлі стоп-кадры са стужкі фільма «Нем». Якім жа было маё здзіўленне, калі я ўбачыў кадры, знятыя студэнтамі Лодскай кінашколы. Іх фрагменты, зробленыя на аналагавую стужку, былі на галаву вышэй за мае кадры з фотаапарата. Хаця магчымасцяў у мяне было ў разы больш.

Так што якія б крутыя кадры вы не зрабілі, ніколі не задзірайце высока галаву. Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто надае вам «по щам».

Фота N10

– Было адно з першых у гэтым годзе, але вельмі важным. Апынуўшыся ў кабінцы з мужчынам на гэтым кадры, я ўпершыню папрасіў у незнаёмага чалавека дазвол на здымку, і ён пагадзіўся. Гэтае фота дорыць надзею, што з парушэннем еўрапейскіх законаў я завяжу. Я не абяцаю, але вельмі моцна пастараюся.

Цалкам размову з Аляксандрам Валодзіным можна паслухаць у плэеры ніжэй

Comments are closed.