У аўторак беларусы Варшавы правялі марш, прымеркаваны да народнага свята Дзяды.
Калона беларусаў пад традыцыйную нацыянальную музыку прайшла ад плошчы Пілсудскага да калоны Жыгімонта, на замкавай плошчы. Па дарозе быў зроблены прыпынак каля помніка вялікага пісьменніка і паэта Адама Міцкевіча, які напісаў паэму «Дзяды».
«Калі я яшчэ была малой дзяўчынкай, гэта быў у Беларусі вольны дзень і мы хадзілі з бацькамі на могілкі. І не было ніякай розніцы, гэта наша агульная гісторыя. Мы разам маліліся, нашыя бацькі распавядалі нам аб нашай гісторыі, нашых героях. І сёння я не магла не быць тут, бо як і беларусы, так і я выгнана са сваёй зямлі».
На маршы маліліся і за загінуўшых на вайне ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў. Скончылася акцыя малітвай каля помніка ахвярам Катынскай трагедыі. Малітву правёў святар беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, айцец Вячаслаў.
«Вельмі важна, што гэта духоўная складанка, рэлігійны дзень. І не важна якой мы канфесіі, праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, хтосьці, можа, і атэіст. У гэты дзень вельмі важна ўзгадаць нашых продкаў, што адышлі. А таксама ўзгадаць, што мы беларусы, якія, на жаль, зараз вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну і не можам прыйсці на помнікі нашых сваякоў».
Comments are closed.