500 дзён поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне. Яна закранула ўсіх беларусаў: хтосьці раніцай 24 лютага прачнуўся ад выбухаў снарадаў у Кіеве, а хтосьці ў краіне, з якой ішлі танкі. У гэтыя дні мы разам з беларусамі з розных краін яшчэ раз узгадаем падзеі лютага 2022 года і раскажам, як змянілася іх жыццё з таго часу.
Ратуючыся ад палітычнага пераследу з боку лукашэнкаўскай улады, тысячы беларусаў знайшлі прытулак ва Украіне. Аднак уварванне расійскіх войскаў вымусіла многіх з іх зноў змяняць месца жыхарства. Так адбылося з сям’ёй журналісткі «Белсату» і грамадскай дзяячкі Марыі Грыц, якая цяпер жыве ў Беластоку. Што давялося ёй перажыць у першыя дні вайны, як яна бегла ад яе і як потым дапамагала ўкраінцам, Марыя распавяла радыё Ўнэт
І вось мы адкрываем «Мову Нанова», дамаўляемся, што на наступныя заняткі будзем браць тэму Масленіцы, нам бліноў напякуць. І тут раптам я прачынаюся ад вельмі моцнага гука. Я падумала, што гэта ранняя навальніца. І ведаеце, было так спакойна: як бы людзі ні шалелі, а прырода сабе, колазварот часу ідзе. І раптам, калі адбыўся другі выбух, я ўжо зразумела, што гэта не навальніца. Я падыходжу да акна, было яшчэ цёмна, і бачу як гарыць гэтая вайсковая часць. Стала настолькі страшна, ажно не страшна. То бок я зразумела, што адбываецца і ўсё, а далей нібыта як на аўтапілоце, на аўтамаце ўсё адбывалася. Я пачала тэлефанаваць калегам, мы селі працаваць. Я памятаю, што гэта была чацвёртая гадзіна раніцы, а дванаццатай мне рэдактар сказаў «ідзі, пахадзі» і я вырашыла пайсці паглядзець, ці едуць танкі. Тады была інфармацыя, што з беларускага боку таксама адбываецца наступ. Я вырашыла, што пайду фатаграфаваць танкі. Ну а што рабіць?
Аказалася, што тады высадзіўся дэсант з іншага боку Кіева – у Ірпене, які моцна пацярпеў. І калі ўжо трэці раз прыляцеў снарад ці бомба, калі трэці раз была атака на гэтую вайсковую часць, настолькі моцна грымнула, а я была на вуліцы, бо пайшла за ежай для дзіцёнка, мне стала настолькі страшна, што ногі сталі ватныя. Я вярнулася. Мой муж з дзіцёнкам ужо спусціліся ў цокальны паверх. А ўкраінцы такія спецыфічныя людзі – яны гэты цокальны паверх пакуль не было вайны абсталявалі пад краму піва. І ў вельмі расслабленым настроі сядзелі ў гэтым цокальным паверсе. Прыйшоў гаспадар, раздаў піва, каб ніхто не хваляваўся.
Гэта быў вялікі дом і маленькі паверх, было страшна і незразумела, якія настроі будуць далей да таго, што мы з Беларусі, а з Беларусі таксама ідуць нейкія войскі. Нам ніхто нічога не казаў хоць увесь дом ведаў, што мы з Беларусі. Яны нам прыносілі штосьці кшталту гуманітарнай дапамогі: нейкія рэчы, цацкі для дзіцяці. Але каб раптам не здарылася нічога дрэннага, мы сабраліся ўжо пад вечар, і выехалі з Кіева, і тры дні мы ехалі да мяжы. Усе дарогі былі адным вялікім коркам, адным вялікім заторам.
Нягледзячы на тое, што мы абмяркоўвалі свае планы: на выпадак вайны ў нас быў план А, план Б, але, калі вайна пачалася, усё рассыпалася. Было нічога не зразумела. Я зразумела, што да такіх падзей проста немагчыма падрыхтавацца. Было незразумела, што рабіць і як.
Comments are closed.