24 сакавіка ва ўкраінскім Львове ўрачыста адкрыецца выстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларусам, якія загінулі, абараняючы свабоду і Украіны, і Беларусі. Пачатак імпрэзы а 12-й гадзіне ў «Доме ваяра» (г. Львоў, вул. Тараса Бабаніча «Хамера», 1а). Вось што пра задуму і фармат выставы распавёў яе арганізатар, кіраўнік Дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксей Францкевіч.
На выставу запрошаныя прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікі дыпламатычных устаноў. Будуць жонкі, маці, пабрацімы загінулых. Таксама прадстаўнікі шматлікіх грамадскіх арганізацыяў у Львове.
Запрашаю прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай. Таму што я бачыў у інтэрнэце – ёсць інфармацыя, што яны зрабілі ўзнагароды сваякам загінулых. Таму, калі ў вас з’явіцца такая магчымасць, прыязджайце – вы зможаце ўзнагародзіць жонак, маці загінулых. Таму што хтосьці з іх абавязкова будзе на гэтым мерапрыемстве.
Гэтая выстава далей будзе выстаўленая ў еўрапейскіх сталіцах, у еўрапейскіх дзяржавах. І гэта пачатак існавання ва Украіне Музея Вольнай Беларусі, які будзе прысвечаны беларускім героям – беларусам, якія аддалі сваё жыццё за еўрапейскі выбар, за еўрапейскія каштоўнасці, за нашу будучыню, будучыню нашых дзяцей. 24 сакавіка прыедуць сваякі загінулых, яны прывязуць асабістыя рэчы загінулых і гэта ў будучыні будуць экспанаты дадзенага музея.
24 сакавіка ў нас адбудзецца гэтая выстава, а 25 сакавіка ў Дзень Волі а 12-й гадзіне мы будзем ускладаць кветкі каля помніка Шыдлоўскаму, дзе пахаваныя паўстанцы Каліноўскага.
Таксама хачу запрасіць беларусаў, якія зараз знаходзяцца ва Украіне, беларусаў, у якіх ёсць магчымасць прыехаць з Еўропы, будзем радыя вас бачыць!
Лічу, што гэтае мерапрыемства вельмі важнае. Таму што патрэбна ўвекапомніць памяць пра загінуўшых герояў. А мэта гэтай выставы, па-першае, гэта распавесці, што вайна ва Украіне пачалася не ў 22-м годзе, а ў 14-м, што з 14-га года беларусы таксама бяруць удзел у гэтай вайне супраць Расійскай імперыі, і тое, што беларусы аддаюць сваё жыццё не толькі за вольную Беларусь, за будучыню Украіны, але за будучыню ўсёй Еўропы, за будучыню ўсяго свету.
Comments are closed.