Многія беларусы, якія заспелі пачатак вайны ва Украіне, сутыкнуліся з самымі рознымі праблемамі. І зараз у іх існуе трывалае адчуванне, што сваім беларускім структурам, якія называюць сябе прадстаўнікамі беларускага народа, проста не да гэтых людзей. Адзін з такіх беларусаў, які раніцу 24 лютага сустрэў у горадзе Ірпень каля Кіева – таго самага, які ўваходзіць у вядомы ўжо на ўвесь свет Бучанскі раён, дзе потым зверствавалі расійскія захопнікі, распавёў нам сваю гісторыю і свае погляды на сітуацыю з абаронай цікавасцяў беларусаў іх прадстаўнікамі.
Я беларус. Калі пачалася вайна, я жыў у горадзе Ірпень, гэта прыгарад Кіева. Вайна пачалася для мяне гэтак жа нечакана, як, напэўна, не толькі для Украіны, але і для ўсяго цывілізаванага свету. Так атрымалася, што месца, дзе я жыў, гэта быў арандаваны дом у прыватным сектары ў цэнтры Ірпеня, і гэта было тое, што называюць «шэрай зонай», калі туды яшчэ не зайшлі расійскія войскі і ва Узброеных Сілаў Украіны таксама не было магчымасці трымаць там пазіцыі. Думаю, ні для каго не сакрэт, што расійскае войска не асабліва стрымлівала сябе нейкімі маральнымі прынцыпамі – гэта пастаянныя абстрэлы гэтай «шэрай зоны» – па прыватным сектары, па шматпавяховікам, гэта месцы, дзе з розных прычынаў не ўсе выехалі.
Я выйшаў, жывы і нават цэлы, але без дакументаў ад слова зусім. Калі выходзілі, людзей больш імкнуліся вывесці з небяспечнай зоны, а ўжо потым разбіраліся хто і што. Я там на першым жа блок-пасту сказаў, што я грамадзянін Беларусі. У той час расійская армія наступала з боку Беларусі, мяркую, не варта тлумачыць, якое стаўленне было да беларусаў. Мяне апыталі супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны і, у прынцыпе, лаяльна цалкам паставіліся. Мяне пасадзілі на эвакуацыйны цягнік, бо ў мяне ёсць наўпроставыя сваякі на захадзе Украіны.
Былі дні, што я проста зранку да вечара абыходзіў усе службы. Але гэта цалкам бездапаможная сітуацыя, выйсце з якой не ведаюць нават прафесійныя юрысты. Потым я знайшоў такі Крызісны цэнтр у Львове, і там землякі-беларусы сапраўды дапамагалі і, дзякуючы ім, гэтая тэма хоць неяк пачала развівацца. Але няма самой схемы, што рабіць з такімі як я.
Пасля вядомых пратэстаў у Беларусі, ёсць так званы Пераходны кабінет. Ён ёсць, але чым ён займаецца, у мяне вельмі шмат пытанняў. Паводле самых розных звестак, на пачатак вайны ва Украіне жыло ад 92, а паводле некаторых крыніц і 150, і нават 180 тысяч беларусаў.
Я збіраюся паехаць у прадстаўніцтва Пераходнага кабінета ў Кіеве. Але… Яшчэ раз кажу: няма самой схемы. Нават самыя знаныя юрысты кажуць, што дапамагчы табе зараз немагчыма. На гэта патрэбна палітычнае рашэнне, палітычная воля. Для ўсіх беларусаў, якія апынуліся ў цяжкой сітуацыі і не хочуць ехаць у Беларусь і трапляць пад ціск міліцыі, КГБ ды іншага, патрэбна палітычная падтрымка. Пераходны кабінет фактычна не вызнаны. Таму, як яны будуць гэта рабіць, мне незразумела. Але, надзея заўжды памірае апошняй.
Я спрабаваў выходзіць і праз беларускія ваенізаваныя структуры. Я звяртаўся ў полк Кастуся Каліноўскага. Але… Скажу так, што хлопцы прыгожа здымаюць Тык-Ток і, у прынцыпе, усё. Ёсць іншыя падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў. І я не хаваю, што з адным з гэтых падраздзяленняў я зараз актыўна стасуюся і сапраўды чакаю ад іх нейкай дапамогі.
Comments are closed.