На самую вядомую оперную сцэну свету зорны беларускі барытон выйдзе ў чэрвені. У La Scala Ілля Сільчукоў дэбютуе з партыяй Паляўнічага ў оперы Антаніна Дворжака «Русалка». На спектаклі, дарэчы, ужо можна набыць квіткі, кошты якіх сягаюць 250 еўра.

– Раней пра La Scala я толькі чытаў у кнігах, але мары здзяйсняюцца, – натхнёна распавядае пра свой новы кантракт беларускі артыст, якога ў 2020 годзе звольнілі з Вялікага тэатра Беларусі, пасля чаго Ілля з жонкай і дзецьмі пераехаў у Злучаныя Штаты.

– Запрашэнне на кастынг я атрымаў асабіста ад дырэктара La Scala. Гэта было ў лістападзе. Склалася вельмі ўдала, бо акурат у той час я знаходзіўся з гастролямі ў Сафіі. На дзень злятаў у Мілан і пасля даведаўся, што мяне зацвердзілі. Я быў вельмі ўзрушаны, бо для кожнага спевака La Scala – гэта звышідэя. Эверэст, на які марыць узысці кожны оперны артыст.

– Які ў вас цяпер графік?

– Кожны дзень мы рэпетуем па шэсць гадзін. Пакуль што без аркестра. Кожны дзень да нас прыходзяць мімы і хор. Усё адбываецца ў вельмі цікавай прасторы Ансальда, да якой ад La Scala прыблізна паўгадзіны хады. Там знаходзяцца тэатральныя цэхі, майстэрні, гардэробныя, у якіх можна ўбачыць нават рэчы са спектакляў Франка Дзэфірэлі! Вельмі творчая атмасфера. На вялікай сцэне La Scala мы пачнём рэпетаваць з наступнага тыдня. З аркестрам, дэкарацыямі, у касцюмах. Прэм’ера адбудзецца 6 чэрвеня. 

– Распавядзіце пра вашую ролю, калі ласка.

– Гэта невялікая партыя другога плану. Але партыя вельмі важная. Бо тэма, з якой з’яўляецца мой Паляўнічы – гэта тэма фатуму, року. Як сказаў мне маэстра, звычайна гэтую партыю спяваюць выдатныя спевакі. Мне, дарэчы, вельмі падабаецца працаваць з дырыжорам Томасам Ганусам. Ён сам чэх, але працуе ва Уэльскай нацыянальнай оперы ў Кардзіфе. Ён вельмі добра знаёмы з чэшскай сімфанічнай традыцыяй. 

– З гэтай оперы Дворжака ўсе ведаюць знакамітую Арыю Русалкі…

– І Арыю Водніка! Але Дворжак называў гэтую оперу сваёй адзінаццатай сімфоніяй. Партытура перанасычана лейтматывамі, сродкамі выразнасці. Мяне гэта вельмі прываблівае. Музыказнаўцы ўвогуле бачаць у гэтай оперы прыкметы імпрэсіянізму і нават экспрэсіянізму. Буйное палатно, вельмі цікавы для мяне музычны досвед. 

– Чэшская мова як вам даецца?

– У La Scala усё робяць на найвышэйшым узроўні. Для нас тэатр замовіў коўча з Чэхіі, якая працуе з намі над фанетыкай, каб мы гучалі чыста. Чэшская – не самая лёгкая мова, у ёй мала галосных. Але мы не здаёмся!

– Касцюмы таксама прадуманыя да дробязей?

– За іх дакладна можна не хвалявацца. Сцэнаграфія і касцюмы ў спектаклі – найвыдатнейшыя ў свеце. Тыдзень таму ў мяне была першая прымерка і гэта неверагодна.

– Голас ужо акліматызаваўся? Усё ж вы прыляцелі ў Італію з іншага кантынента.

– Першыя дні было вельмі няўтульна спяваць. Як у нас кажуць, голас быў як «шторы па полу». А адну з рэпетыцый увогуле праспаў. На трэці дзень выключыўся на 12 гадзін і прачнуўся ад тэлефоннага званка, калі мяне пачалі шукаць. Але зараз усё добра.

– Атрымалася штосьці ўжо ўбачыць у Мілане? Дакрануцца да шэдэўраў сусветнага мастацтва?

– Абавязкова наведаю славутыя галерэі. Спрабую зараз браніраваць сабе экскурсіі. Пасля кавіду тут усе перайшлі толькі на анлайн-букінг. Неўзабаве ў Мілане будзе выстава Далі і майго любімага Магрыта. Пайду глядзець на «Чалавека ў капелюшы».

– Для вас гэта важна – атрымліваць і візуальныя ўражанні?

– Выяўленчае мастацтва – гэта спроба дакрануцца да эпохі, да тагачасных ідэй. Для спевака гэта вельмі важна – бачыць эпоху вачыма тых людзей, якія ў ёй жылі.

Ілля, а куды наступным разам?

– Нас чакае прэм’ера оперы Вольгі Падгайскай «Дзікае паляванне Караля Стаха», якую мы ў Барбікане будзем ставіць разам са Свабодным тэатрам. 

Ну а пакуль што можна сачыць за прыгодамі беларуса ў Мілане. Так я жартам называю свае дзённікі ў інстаграме, дзе стараюся рабіць усе апдэйты і распавядаю пра La Scala.

Comments are closed.