Іпрэза адбылася ў Доме культур  у самым сэрдцы варшаўскай Прагі. З 13 гадзін і да позняга вечара на вуліцы Брэсцкай спявалі, танцавалі і вучыліся беларускім традыцыйным рамёствам. Праграму падрыхтавалі вучні і настаўнікі Школы Беларускай Традыцыйнай Культуры ў Варшаве.

Беларускі дзень распачаўся з майстар-класа па рамёствах, які правяла Ганна Аляксандрава

«Мы сабраліся павышываць, рабілі сурвэтачкі. Далучылася да нас чалавек 15. Што цікава, я больш чакала беларусаў, але прыйшлі і ўкраінцы, і палякі. Вельмі прыемныя ўражанні».

Прыемна ўразіў сваім выступам і гурт беларускіх традыцыйных спеваў Hajeŭki. Лізавета Рэут, Дар’я Каляда і Ганна Аляксандрава выканалі некалькі беларускіх народных песень, пасля чаго запрасілі на сцэну вучняў сваёй школы ды заспявалі супольна са слухачамі вясновую «Зялён явар кудравы».

А самай працяглай, чаканай (адмыслова для гэтага ў Варшаву прыехалі беларусы з розных гарадоў Польшчы!) і гарачай часткай імпрэзы стала праграма танцавальная – пад жывы музычны акампанемент.

«Выбіралі танцы з розных рэгіёнаў, розных характараў. Тыя, якія самыя папулярныя і гучаць на кожнай вечарыне − «Верабей», «Лявоніха», «Базар»», − распавялі ўдзельнікі музычнай капэлі Лізавета Рэут, Антон Бельскі ды Наста Бельская.

Завяршыўся беларускі дзень паэтычным выступам Алеся Плоткі, які прачытаў вершы са сваёй новай кнігі. Выданне ўбачыць свет літаральна праз пару месяцаў. 

Размовы з удзельнікамі, гасцямі і арганізатарамі Беларускага дня ў Доме культур слухайце ў плэеры ніжэй:

 

Фота: Аліна Крамко.

Comments are closed.