Беларускае выдавецтва «Скарына», якое дзейнічае ў Лондане, прадставілі на фестывалі абужданых «Тутака» яго сузаснавальнік Ігар Іваноў і літаратар Уладзіслаў Гарбацкі. Дзякуючы выкарыстанню новых тэхналогій, свет пабачылі кнігі, якія было дорага выдаваць як у Беларусі, так і ва ўсёй Усходняй Еўропе.
Яшчэ адной матывацыяй, што падштурхнула да стварэння выдавецтва ў Лондане, гэта тэхналогіі, якіх ёсць на захадзе, але якіх няма ў Беларусі, ды і магчыма, ва Усходняй Еўропе. Напрыклад Print On Demand, якое робіць выданне кніг нашмат прасцей і танней. Таму кнігі, якія камерцыйна не маглі з’явіцца ў Беларусі, зараз стала магчыма выдаць за мяжой.
На фестываль «Тутака» беларускае выдавецтва «Скарына» прадставіла свае выданыя за год творы: «Бэйруцкія апавяданні», «Песні тралейбусных рагуляў», «Артбук Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine» і іншыя.
«І я думаю, мы не памыліліся. Скарына быў авантурыстам. І мы падумалі, што мы таксама хочам быць крутымі як Скарына. Я разумею, што кажу контраверсійныя рэчы, таму што беларускае выдавецтва ў Лондане не можа быць вялікім выдавецтвам. Гэта заўсёды будзе маленечкая ініцыятыва, але Лонданам можна ўшывацца ў такія прагалы, якія існуюць у нашым беларускім свеце, сусвеце і паспрабаваць гэтыя прагалы запаўняць ці, можа, разбудоўваць, каб гэта прастора станавілася шырэй».
З гэтай нагоды я запытаўся ў Ігара Іванова, у чым жа канкурэнтная перавага выдавецтва «Скарына» у параўнанні з тымі беларускімі выдавецтвамі, якія, напрыклад, перанеслі сваю дзейнасць з Беларусі ў Польшчу і працуюць даволі паспяхова.
«Я не бачу беларускія выдавецтвы ў Польшчы ці тыя выдавецтвы, што мусілі выехаць з Беларусі як нашых канкурэнтаў. Нашы канкурэнты гэта расійскія выдавецтвы, якія сёння адцягваюць ад нас аўдыторыю, якая б магла чытаць па-беларуску, таму што ў нас не друкуецца дастаткова разнастайнай літаратуры па-беларуску, і яны чытаюць па-руску. Самы просты прыклад, гэта літаратура пра ЛГБТ, пра людзей, гэта вельмі папулярны жанр. Па-руску адразу некалькі выдавецтваў працуюць у гэтым жанры, а па-беларуску мы адзіныя, хто вырашыўся выдаць некалькі кніжак.
Я б сказаў, што мы дапаўняем тое, што адбываецца ў выдавецкім плане ў Польшчы. Мы, канешне, адрозніваемся, таму што ад самага пачатку мы вырашылі, што мы не выдавецтва ў эміграцыі, таму што мы былі вымушаны быць, наадварот – мы выдавецтва, якое нарадзілася ў эміграцыі і заўсёды будзе ў эміграцыі. У нас няма планаў пераязджаць у Беларусь, нават калі Беларусь стане дэмакратычнай, па вельмі простай прычыне. Калі беларусы жывуць у розных краінах, яны дасвядчаюць сваю беларускасць крышачку інакш, чым беларусы ў Беларусі. Гэта не значыць, лепш ці горш, а крышачку інакш. І калі гэты досвед прынесці ў наш агульны кацёл, то страва будзе смачней, прыгажэй і так далей. Таму, калі атрымалася жыць у Лондане мне, калегам – у Марбургу, у Вільні, трэба скарыстацца гэтай магчымасцю і зрабіць штосьці новае, цікавае для нас, беларусаў», – адказаў спадар Ігар.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.