26 студзеня прайшла першая сустрэча сяброў адноўленай Каардынацыйнай рады па арганізацыі працэса пераадолення крызісу. Гэту падзею прывітала асабіста Святлана Ціханоўская. Беларусы ў каментарах ставяцца да працэса рэфармавання з асцярогай. Адказная за рэформу КР, юрыстка і палітык Вольга Кавалькова пракаментавала пачатак працы адноўленай Каардынацыйнай рады.

Агулам рэформа яшчэ не скончаная. На першай сустрэчы ўсе пабачыліся і абмеркавалі наступныя крокі рэформы. Адным з іх стане галасаванне за тых кандыдатаў у склад КР, што вылучыліся самастойна. У нас такіх каля 40 заявак. З ніх праз галасаванне мы абярэм 15 чалавек. Яны далучацца да наша дзейнасці, пасля чаго склад будзе цалкам сфармаваны.

Таксама на пасяджэнні мы працоўнай групай абмяркоўвалі рэгламент. У ім ёсць новыя, нават, інавацыйныя пункты. І бліжэйшым часам у нас адбудзецца гарачая дыскусія аб тым, як структураваць нашу працу. Пасля чаго мы прымем рэгламент. На пачатку сакавіка арганізуем офлайн сустрэчу сябраў КР, каб выбудаваць працу і ўсталяваць давер.

Склад адноўленай КР зараз выглядае наступным чынам. Каля 20 чалавек у ім засталіся з мінулага складу. 72 чалавекі – гэта людзі, каторых адабралі з заявак, якія паступілі ад арганізацыяў і ініцыятываў. Усе гэтыя людзі пераважна знаходзяцца не ў Беларусі. У асноўным, у Польшчы і ў Вільне. Але таксама ёсць беларусы, якія прадстаўляюць дыяспары ў розных краінах. Напрыклад, у Аўстраліі, Грузіі ці Нямеччыне. У нас ёсць чальцы, каторыя маюць актыў і стасункі ў Беларусі. Яны, хутчэй за ўсё, будуць не публічныя. Зараз мы абмяркоўваем гэтыя пытанні бяспекі.

Паўнамоцтвы КР і супраца з іншымі палітыкамі і сіламі

Мы пакуль не выбудавалі працэс супрацы з палітычнымі структурамі. Што тычыцца паўнамоцтваў, то гэта будзе артыкуляцыя інтарэсаў суб’ектаў палітычнай і грамадзянскай супольнасці, грамадзян Беларусі. Таксама ў нашыя паўнамоцтвы ўваходзіць фармаванне павесткі і зацвярджэнне стратэгічных задач, у тым ліку, для Аб’яднанага пераходнага кабінета, Офісу Ціханоўскай і іншых палітычных суб’ектаў. Забеспячэнне празрыстасці дзейнасці ўсіх суб’ектаў таксама сярод нашых абавязкаў.

Асноўная нашая мэта – усталяванне ў Беларусі дэмакратычнай формы праўлення, якая будзе засноўвацца на правах чалавека і вяршэнстве права. Таксама КР будзе праводзіць міжнародную працу і каардынацыю паміж ініцыятывамі і актывістамі. Мы рады, што такая колькасць актыўных людзей, якія дагэтуль займаюцца інтарэсамі Беларусі даслалі да нас заяўкі нават праз два гады.

Сустрэча была для ўсіх натхняльная. Бо не часта мы збіраемся такім складам па 70-75 чалавек. Прыемна, што мы ўсё яшчэ ёсць і гатовыя разам працаваць. Аб усіх супярэчнасцях, што ёсць, можна дамовіцца.

Ці можна лічыць КР протапарламентам?

Я не вельмі люблю такога кшталту фармулёўкі. Так, можна пашукаць падабенства ў структураванні працы. У нас ёсць працоўныя групы, спікер, сакратарыят. Па спосабу фармавання на парламент мы не падобныя. Таму, што беларусы не абіралі гэтых прадстаўнікоў. Іх дэлегавалі розныя арганізацыі, якія займаюцца Беларуссю. Ну і мы мала падобныя на парламент, бо ў нас мала магчымасцяў і паўнамоцтваў. Мы можам разам чамусьці вучыцца. І такая пляцоўка дапаможа развіваць культуру дыскусіі, якой у нашай Беларусі няма. Менавіта гэта з’яўляецца асновай дэмакратыі. Каб мы маглі пачуць адзін аднога і ўлічыць інтарэсы розных групаў.

Як будуць адбывацца стасункі з беларусамі?

У нас засталіся інструменты, якімі мы карысталіся раней. Але, думаю, з’явяцца і новыя. З людзьмі ўнутры краіны будуць стасавацца тыя, хто мае там сталыя актывы. Таксама ёсць чат-бот Каардынацыйнай рады, у якім па-над 20 тысяч беларусаў выконваюць розныя заданні. Мы збіраем ад іх зваротную сувязь. Калі наладзіцца праца фракцыяў і працоўных груп, праз гэты інструмент будзем стасавацца. Не выключаю і ўзнікненне новых праектаў унутры КР. Нашыя сацсеткі заўжды адкрытыя і праз іх можна звяртацца пастаянна. Магчыма наладзім узаемадзеянне з пляцоўкай «Новая Беларусь» і зможам яе неяк выкарыстоўваць.

Пакуль чальцы рады не ставілі сабе жорсткіх дэдлайнаў, бо орган знаходзіцца на стадыі фармавання. Таму галоўнае зараз – прыняць агульны рэгламент, каб усе разумелі правілы, па якіх мы будзем працаваць. Спадзяюся, да канца лютага ён будзе прыняты і на пачатку сакавіка мы правядзем онлайн сустрэчу, на якой выпрацуем стратэгіі супрацы.

Як будзе адбывацца менеджэрынг працы такой колькасці людзей, якія на адлегласці?

Кожны раз, як мы праходзім пэўны этап, падаецца, што вось зараз будзе лягчэй. Але досвед паказвае, што менеджэрыць і 50 чалавек вельмі няпроста. Тым больш, калі іх у два разы больш. Пэўную частку пытанняў зніме прыняцце рэгламенту. Далей, каб менеджэрыць вялікую групу, трэба падзяліцца на маленькія па напрамках, інтарэсах, праектах. Магчыма, мы замацуем такую форму аб’яднання як фракцыі. Таксама ў нас ёсць сакратарыят, кіраўнік якога будзе абірацца. У нас працуе каманда медыя, якая разам з сакратарыятам пакуль займаецца менеджэрынгам. Ім дапамагае працоўная група, якая была сфармавана яшчэ летам. Пакуль спраўляемся.

Больш слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.