Прэзентацыя новага зборніка твораў выбітнага паэта Андрэя Хадановіча адбылася на фестывалі “Прадмова” ў Беластоку. Невялікая кніжка пад назвай “Вершы” выйшла ў серыі “Паэты планеты”, дзякуючы беластоцкаму фонду “Камунікат”. Раней больш за сто выданняў з гэтай серыі выходзіла ў прыватным выдавецтве Зміцера Коласа, якое сёлета было ліквідавана ў Беларусі.
Серыю “Паэты планеты” ўжо можна лічыць легендарнай, калі зважаць на тое, што нават закрыццё выдавецтва не спыніла яе друкаванне. У Беларусі было выдана 102 кніжкі серыі, а ў Беластоку працягам сталі наступныя тры. Пра гэта распавёў рэдактар і суўкладальнік хадановічскіх “Вершаў” Лявон Баршчэўскі.
— У невялікай кніжцы толькі абраныя творы. Па якіх крытэрыях яны былі адабраныя?
Яно такое пэўнае падсумаванне. Яно выбіралася за ўсе тыя 20 год ці больш чым 20 год, што я пішу і выдаю кнігі, і прыкладна на дзве траціны ці тры чвэрці гэта сапраўды канцэпцыя выбраных вершаў. Па-другое, у гэтай кнізе ёсць апошні раздзел, дзе ёсць тэксты новыя, тэксты 2020, 2021, 2022, нават пару тэкстаў 2023 года. Гэта ўжо вершы іншага чалавека, з досведам выгнання, сучасніка вайны побач, сведкі рэпрэсій. Зразумела, яны зрабіліся крышачку іншымі – больш сур’ёзныя па інтанацыі, тэксты ў якіх ёсць пэўны стрыжань, які, я спадзяюся, скіраваны на падтрымку людзей, якія патрабуюць гэтай падтрымкі, тэксты, якія не заплюшчваюць вачэй перад цемрай, але чакаюць і набліжаюць святло. Гэта ўсё як бы суіснуе пад адной вокладкай наколькі можна там на 120 старонках сабраць.
У мяне быў камфорт такі, што я сам сабе ўкладальнік разам з калегам, з рэдактарам Лявонам Баршчэўскім мы гэта зрабілі. Калі рыхтуеш кніжку, часам гарыш энтузіазмам, некрытычна можаш ставіцца да сябе, а потым праз некалькі гадоў перачытваеш і штосьці табе па-ранейшаму падабаецца, а штосьці ўжо не. І вось гэтае “не”, да якога ты астыў, можаш адкласці і выкінуць з такога выбранага. Таму можна сказаць, што пад вокладкай тэксты, якія мяне самога найбольш радуюць.
— Калі гэта падсумаванне, то можна разумець, што Вы падвозіце рысу пад папярэднім этапам сваёй творчасці і распачынаеце новы?
Я думаю, што этап скончыўся разам з 2020 годам. Усё, што было да 2020 года, – гэта падсумаванне, а ўсё што напісалася і ўключылася новага, гэта ўжо масток у гэтае новае. Мы нічога не ведаем пра тое, што з намі здарыцца заўтра, паслязаўтра. Хочацца верыць у глабальнае святло і хэпі энд. І яно непазбежна. Тыя, хто ведаюць гісторыю, разумеюць, што час развіваецца па сваіх законах і інакш проста не можа быць. Але можа быць яшчэ давядзецца, сціснуўшы зубы, павандраваць па свеце, пачакаць, пазмагацца за гэтую перамогу.
Слухайце падрабязней ў нашым аўдыё:
Comments are closed.