Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў узмацніць абарону партовай інфраструктуры, а міністэрству замежных спраў – актывізаваць кантакты з партнёрамі для павелічэння ціску на РФ і працягу нармальнага экспарту ўкраінскага збожжа. Такое даручэнне паступіла пасля расійскіх начных ракетных удараў па партовай інфраструктуры Адэсы.
Як паведаміў міністр інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця Украіны Аляксандр Кубракоў, пашкоджанні атрымала збожжавая інфраструктура міжнародных і ўкраінскіх трэйдараў і перавозчыкаў. Таксама пашкоджаны рэзервуары і прычалы Адэскага порта.
Як канфлікт вакол збожжавай ініцыятывы можа паўплываць на сітуацыю з коштамі на сусветным рынку, радыё Ўнэт распавёў украінскі фінансіст Сяргей Фурса.
— Існуе меркаванне, што ўплыў доступу ўкраінскага збожжа на міжнародны рынак пераацэнены і ўвогуле, большасць гэтага збожжа застаецца ў Еўропе, б’е па мясцовых фермерах і ніяк не ўплывае на сітуацыю з харчаваннем у свеце. Ці гэта сапраўды так?
— Гэта абсалютная няпраўда. Гэта расійская прапаганда. Сапраўды, частка ўкраінскага збожжа ішла на рынак Еўропы. Асноўнымі пакупнікамі з’яўляюцца Іспанія і Партугалія, якім важная ўкраінская аграпрадукцыя для сваёй жывёлагадоўлі. Але, у той жа час, трэба разумець, што і рынак ён адзіны і, калі б украінскае збожжа не ішло ў Партугалію і ў Іспанію, яны куплялі б гэтае збожжа дзесьці ў іншым месцы. Адпаведна, гэта ўсё роўна б уплывала на сусветны рынак. Так што гэта няпраўда. Плюс, як ужо было сказана, кошты істотна знізіліся на ўкраінскае збожжа, украінскую кукурузу. Калі мы гаворым пра ўплыў на краіны Афрыкі, то тут пытанне не дэфіцыту, альбо прафіцыту. Пытанне ў кошце збожжа, бедныя краіны вельмі адчувальныя да росту цэн і, калі Расія перакрыла ўкраінскі экспарт аграпрадукцыі, гэта прывяло да рэзкага росту кошту сельскагаспадарчых тавараў па ўсім свеце. А збожжавая здзелка, у сваю чаргу, вярнула цэны на даваенны ўзровень. І калі ўкраінскае збожжа на рынак не паступае, то гэта ўплывае на ўвесь рынак. Любой афрыканскай краіне не важна, чыё збожжа купляць. Гэта будзе амерыканскае збожжа ці ўкраінскае – усё роўна. У яго будзе адна і тая ж цана і якасць плюс-мінус тое ж самае. Таму што калі ўкраінскае збожжа не паступае на рынак, гэта стварае дэфіцыт, гэта стварае спекулятыўны ціск на цэны і яны растуць. І кошт жыцця ў гэтых бедных афрыканскіх краінах расце радыкальна.
— Украінскія ўлады ўжо заявілі аб гатоўнасці працягваць пастаўкі збожжа, Расія ў сваю чаргу заявіла аб выхадзе з ініцыятывы і нават ужо заатакавала Адэсу. Як на вашу думку, гэта ўсё можа паўплываць на сітуацыю на рынках?
— Дэмарш Расіі прывёў да росту цэн на сусветным рынку. Пакуль што нязначна, бо мала хто разумее, як сітуацыя будзе развівацца далей. І праўда ў тым, што зараз украінская аграпрадукцыя, экспарт украінскай прадукцыі ўжо не так моцна залежыць ад партоў, дзякуючы развіццю інфраструктуры на Дунаі і развіццю інфраструктуры на заходніх межах Украіны. 70% будучыні ўкраінскага ўраджаю, які павінен быць накіраваны на экспарт, ужо можа быць экспартаваны без удзелу марскіх партоў. Такім чынам, уплыў збожжавай здзелкі на эканоміку Украіны ўжо будзе ніжэйшы.
Comments are closed.