160 год таму, 22 студзеня 1863 года пачалося студзеньскае паўстанне. Хутка яно пашырылася і на тэрыторыю Беларусі, дзе яго ўзначаліў Кастусь Каліноўскі. Гэтыя падзеі сталі падмуркам для беларускага нацыянальнага адраджэння.
22 студзеня беларусы Варшавы прайшлі маршам праз Варшаву каб ушанаваць памяць аб усіх паўстанцах, якія выйшлі на барацьбу супраць расійскай акупацыі земляў Рэчы Паспалітай. Менавіта таму шэсце пачалося перад расійскай амбасадай у Варшаве, дзе беларускія актывісты ініцыятывы «Рух» правялі інсцэніроўку павешання пудзіла з тварамі Мураўёва «Вешальніка» – аднаго з галоўных акупантаў беларускіх земляў у 19 стагоддзі, і Уладзіміра Пуціна.
«Мы падрыхтавалі гэтую імпрэзу, вырашылі неяк незвычайна адсвяткаваць 160 год паўстання. Мы падрыхтавалі перфоманс палітычны, ён быў цалкам дазволены і прайшоў каля амбасады Расійскай Федэрацыі ў Варшаве. Для яго была падрыхтавана шыбеніца сімвалічная, бо Кастусь Каліноўскі быў павешаны менавіта на шыбеніцы, і падрыхтавана пудзіла ў выглядзе двухгаловага арла. З аднаго боку быў Мураўёў-вешальнік, які павесіў Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў, а з іншага боку быў Пуцін, што сімвалічна адлюстроўвала мінулае і сучаснасць, ворагаў беларускага народа ў мінулым і сучасным».
«Сённяшняя акцыя з’яўляецца добрым прыкладам сяброўства народаў, сяброўства польскіх і беларускіх нацыяналістаў, дзе две імпрэзы былі аб’яднаныя ў адну».
У панядзелак, 23 студзеня, каля мемарыялу «Брама казняў» Варшаўскай цытадэлі прайшла афіцыйная цырымонія з нагоды гадавіны пачатку паўстання. У ёй прынялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з шэрагам афіцыйных асобаў, а таксама дэлегацыі з Літвы, ад беларускіх дэмакратычных сілаў, а таксама Украіны. На вялікі жаль, па рашэнні польскай службы пратакола, беларуская дэлегацыя не атрымала магчымасці выступіць з прамовай і ўскласці вянок, а ўкраінскі бок у сваёй прамове цалкам праігнараваў факт удзелу беларусаў у студзеньскім паўстанні, што вельмі абурыла беларусаў.
Па словах арганізатаркі мерапрыемства, Кацярыны Кучук, факт выкрэслівання беларусаў з гісторыі абуральны і непрымальны, таму ідэя ўшанаваць беларускіх паўстанцаў самастойна з’явілася адразу сама сабой.
«Канешне, гэта вельмі абразіла, мякка кажучы не спадабалася беларусам таму што Кастусь Каліноўскі гэта наш галоўны герой, наш сімвал Беларусі, ён памёр за Беларусь, ён паўстаў за Беларусь. І як можна было не ўзгадаць яго – такое проста немагчыма ўявіць».
Больш слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.