Набліжаецца важная для беларусаў дата – Дзень Слуцкага Збройнага Чыну, альбо Дзень Герояў. З гэтай нагоды ў Варшаве ўжо ідзе падрыхтоўка да вялікага маршу.
Слуцкія сяляне 103 гады таму распачалі збройную барацьбу супраць войскаў бальшавікоў. З нагоды чарговай гадавіны гэтых падзей арганізацыйны камітэт варшаўскага маршу звяртаецца да ўсіх беларусаў з заклікам ушанаваць памяць беларускіх герояў у гэтыя дні, а менавіта 26-27 лістапада. Як падкрэсліваюць арганізатары маршу ў сваім звароце, беларуская нацыя мае шмат герояў.
«Таму з нагоды чарговай гадавіны Слуцкага паўстання прапануецца ўшанаваць памяць усіх беларускіх герояў – слуцкіх паўстанцаў, беларусаў, якія загінулі ад камуністычных і нацысцкіх рэпрэсій, беларусаў, забітых рэжымам Лукашэнкі, беларусаў, якія загінулі ў змаганні за Украіну, а таксама, абавязкова будуць узгаданыя сённяшнія героі, – беларускія палітзняволеныя, якіх беларускія ўлады незаконна ўтрымліваюць за кратамі».
«Я вельмі спадзяюся, што людзі, якія з’ехалі з Беларусі, не забылі пра Бацькаўшчыну. Не забылі пра беларускіх герояў і дастаткова масава прымуць удзел у гэтай акцыі. Каб паказаць і Варшаве, і Польшчы, і ўсяму свету, што Беларусь не прадаецца, што беларусы не здаліся, беларусы памятаюць сваю гісторыю, сваіх герояў. І што Беларусь – гэта людзі, а не тая банда, якая незаконна захапіла ў Беларусі ўладу».
Comments are closed.