Работы сямнаццаці беларускіх аўтараў можна цяпер убачыць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве. Напярэдадні там адкрылася выстава «Вітанкі з Беларусі». Большасць яе ўдзельнікаў адбылі турэмныя тэрміны, усе без выключэння пакінулі Беларусь праз палітычны пераслед. Адным з самых кранальных акцэнтаў экспазіцыі стала інсталяцыя турэмных малюнкаў Касі Будзько. Паказалі ў Музеі вольнай Беларусі і работы Паўла Севярынца.
− Два гады ў Івацэвічах. Гэта выпрабаванне і вельмі каштоўны досвед для мастака − пабачыць жыццё за кратамі. На маляванне шмат часу не было. Мне дазвалялася мець алоўкі, гуаш і акварэль, − распавядае былы палітзняволены Уладзіслаў Макавецкі. Дарэчы, гэта яго малюнак з выявай коціка ў турэмнай робе змешчаны на афіше выставы.
− Я намаляваў яго на зоне. Павіншаваў гэтым малюнкам чалавека з днём нараджэння. Я быў не ўпэўнены, што ліст дойдзе. Але адбыўся цуд. Арыгінал зараз знаходзіцца ў Віцебску.
Праект «Вітанкі з Беларусі» распачаўся з жадання падтрымаць беларускіх мастакоў. Арганізатары праекта кінулі кліч нашым мастакам у Польшчы − адгукнуліся 17 аўтараў і аўтарак. Большасць паказалі свае працы ў Варшаве ўпершыню, распавядае куратарка экспазіцыі Вольга Шніп.
− Мы не абмяжоўвалі мастакоў. Тут працы розных гадоў. Тое, што яны змаглі прывезці з Беларусі. Тое, што яны малявалі тут. Гэта самыя розныя стылі, жанры. І малюнкі, і жывапіс, і графіка, і відэа-арт.
Музейная прастора відавочна не была разлічаная на такую колькасць людзей. На Фоксаль,11 сабраліся дзясяткі чалавек. Каб разгледзець некаторыя карціны, даводзілася літаральна прабірацца праз натоўп. Адкрыў выставу мастацкі перформанс. Ролю мастака, які піша ў турме карціну, выканаў Антось Радзівонаў.
− Як чалавек, які сам прайшоў турму, уражанні вельмі моцныя, − дзеліцца думкамі журналістка Наталля Радзіна. − Углядаешся ва ўсе карціны і думаеш, як цяжка было чалавеку. Збольшага яны пра жахі турмы, пра ўнутурны боль. Але ёсць вельмі добрая карціна − калі бел-чырвона-белыя рукі цягнуцца да зорак. Мне яна спадабалася больш за ўсё, таму што ў ёй ёсць надзея.
− Як турма змяняе чалавека?
− Калі я выйшла, я зразумела, што самае галоўнае − гэта любіць жыццё. У турме ты разумееш, што на самой справе ў жыцці так шмат цікавага…
− Калі сёння мы бачым у музеі столькі людзей − значыць, гэта важна, гэта запатрабавана. Дай Божа, што так будзе заўсёды. Але я тут раблю адну заўвагу: заўсёды − гэта значыць, чым хутчэй мы будзем у Беларусі.
− Усім творцам адразу прыходзіцца пражываць гэтыя нервовыя перыяды адаптацыі ў іншай краіне з іншымі люзьмі, чужой мовай. Але калі мы будзем гуртавацца, мы пройдзем гэты этап.
− Гэта вельмі важная справа для беларусаў, якія зараз на эміграцыі. Гэта працяг духоўнага беларускага жыцця, якога нам вельмі тут не хапае. Гэта глыток паветра, якім мы калісьці дыхалі, − шчыра прызнавалася адна з наведвальніц.
− Ахапіў даволі моцны сум, бо калі ты некаторых людзей ведаеш і глядзіш на іх працы… Яны там, мы тут, і параўнальна мы ў цудоўных умовах. Я адчуваю вялікую ўдзячнасць да беларусаў, што яны збіраюцца, прыходзяць, − дзялілася думкамі яшчэ адна госця выставы.
Comments are closed.