15 студзеня беларуская дыяспара ў Швейцарыі святкавала Каляды разам з, як ён сам пра сябе кажа, «легендарным і харызматычным музыкам Зміцерам Вайцюшкевічам». На беразе прыгожага Цюрыхскага возера ў невялікім, утульным памяшканні сабраліся дарослыя і дзеці, каб не проста паслухаць песні, але і заспяваць іх разам з музыкам.
Колькасць гасцей уразіла і музыку і арганізатараў, якія не чакалі, што прыедзе так шмат людзей. Ехалі адусюль. Адна польска-беларуская сям’я спецыяльна на канцэрт прыехала з Нямеччыны. Але месца і пачастункаў хапіла ўсім. Беларускае свята аказалася інтэрнацыянальным. Там былі ўкраінцы, палякі, ірландцы, швейцарцы, рускія і нават казах.
Пасля канцэрту Зміцер Вайцюшкевіч, якога госці доўга не адпускалі і некалькі разоў прасілі выканаць на біс любімыя песні, падзяліўся сваімі ўражаннямі. Музыка сказаў, што шчаслівы ад поўнай залі і колькасці дзяцей. І ад таго, што можа несці радасць, родную мову і музыку. Маўляў, гэта тэрапія мастацтвам у змрочны для ўсіх час.
Атмасферны рэпартаж з імпрэзы слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.