Журналістка і дзяячка культуры Кацярына Ваданосава адкрыла ў беластоцкім хабе «Новая зямля» двухгадовую Школу традыцыйнага строю. У яе запісалася больш за 30 чалавек, якія хочуць уласнымі рукамі ствараць беларускае нацыянальнае адзенне. Што натхніла стварыць гэтую школу, што непасрэдна там будзе выкладацца і як будуць праходзіць заняткі, Кацярына Ваданосава распавяла радыё Ўнэт.
— Гэта будзе школа практычнай накіраванасці ці вы ўсё ж будзеце вывучаць нейкую тэорыю? Наколькі я ведаю, у розных кутках Беларусі строі розныя, яны адрозніваюцца. Ці будуць ведаць вашы вучні, што, напрыклад, на Магілёўшчыне такія звычайна строі насілі, а на Гарадзеншчыне іншыя?
— Безумоўна. Мае вучні будуць ведаць тое, што ведаю я, калі яны будуць наведваць усе заняткі, зразумела. Насамрэч, я па адукацыі гісторык. Мне таксама гэта прыносіць вялікае задавальненне распавядаць і вучыць. Кожны занятак, які я буду праводзіць, будзе доўжыцца не менш за дзве гадзіны і будзе пачынацца з тэорыі, будзем вывучаць асаблівасці розных рэгіёнаў, строі ў розных рэгіёнах таксама. Я пакуль не губляю надзеі, што мы будзем вывучаць увогуле мастацтвазнаўства. Таму што адна справа паглядзець фотаздымкі строяў з пэўнага рэгіёна і сказаць «я хачу такі і такі», а іншая справа ведаць асновы колеразнаўства, умець спалучаць гэта ўсё, разумець, якім чынам дамагчыся таго варыянту строя, каб ён быў не толькі вывераным у гістарычным, у этнаграфічным плане, а і ў эстэтычным таксама.
— На вашу думку, на чым грунтуецца зацікаўленасць людзей да нацыянальнага строю? І ці яна павышаецца ў параўнанні з папярэднімі гадамі?
— Я бачу ўздым зацікаўленасці і звязваю гэта з тым, што нарэшце ў беларусаў насуперак усяму ці, як бы гэта дзіўна не гучала, дзякуючы таму што адбылося з намі цягам апошніх гадоў, прачнуўся патрыятызм, прага да свайго і любоў да свайго, жаданне пазнаёміцца са сваім. І мяне гэта вельмі цешыць. іншая справа, што заваявана гэта было вялізарным коштам. Але нават тыя людзі, ад якіх я ніколі ў жыцці не магла чакаць, што яны будуць цікавіцца чымсьці кшталту традыцыйнай культуры, яны мне пішуць «хачу сабе вышыванку». А я акуратненька кажу, што не існавала ў беларускай мове слова «вышыванка», але калі вы хочаце кашулю, то вам, калі ласка, варта зрабіць тое і тое. Пачынаю людзей знаёміць з літаратурай таксама, раю, дзе што пачытаць, дзе што паглядзець. Таму што я зараз, знаходзячыся ў эміграцыі, абмежаваная ў рэсурсах сваіх. Зараз у Мінску праходзіць класная выстава традыцыйных строяў, але я не магу яе пабачыць ужывую. І адзінае, што мне застаецца, чакаць, калі якія-небудзь альтруісты выкладуць падрабязныя здымкі з гэтай выставы. Таму ёсць свае цяжкасці, але ёсць і ахвота насуперак усім гэтым перашкодам, як і ўсім астатнім беларусам, прабівацца да свайго, шанаваць сваё, любіць сваё. І акурат я назіраю тое, што ў ХІХ стагоддзі называлася «вясна народаў». Зараз, напэўна, надыходзіць вясна Беларусі.
Comments are closed.