Каля трыццаці беларусаў выйшлі 10 снежня да Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека. Яны трымалі ў руках партрэты беларускіх палітзняволеных і распавядалі аб іх пакутах. Таксама ўзгадалі пра тых, хто будучы асуджаным з-за палітычных прычын, загінуў у месцах адбывання пакарання.
«Мы тут, каб нагадаць усяму свету пра тысячы беларускіх палітвязняў, якія сядзяць у турмах», – адзначыў радыё Ўнэт перад адкрыццём акцыі яе вядоўца і арганізатар Ян Абадоўскі.
«Пра тое, што правы чалавека ў Беларусі, на жаль, проста не існуюць, пра сітуацыю катастрафічную з правамі чалавека ў Беларусі, таму што людзей арыштоўваюць за каментары ў Тэлеграм-каналах, за лайкі ў Фэйсбуку, за бел-чырвона-белыя шкарпэткі, за тое, што людзі інакш думаюць, чым рэжым Лукашэнкі. Таму галоўная мэта – паказаць, што ёсць беларусы, якія далей выходзяць, далей прыцягваюць увагу да сітуацыі ў Беларусі. І мы будзем выходзіць да таго моманту, пакуль апошні палітвязень не выйдзе з-за кратаў у Беларусі».
Выступаючы перад удзельнікамі акцыі і журналістамі польскіх СМІ, Ян Абадоўскі пералічыў беларускіх палітзняволеных супрацоўнікаў медыя, праваабаронцаў, музыкантаў, вядомых палітыкаў. Таксама ён нагадаў пра забітых у лукашэнкаўскіх засценках.
«Рэжым таксама забівае палітвязняў за кратамі. Мы ведаем, што рэжым забіў траіх чалавек – гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін. Мы сёння сабраліся тут, каб яшчэ раз нагадаць усім, усяму свету, што беларусаў забіваюць у турмах, беларусам не даюць свабодна думаць, арыштоўваюць толькі за тое, што людзі інакш думаюць, за бел-чырвона-белыя стужкі».
«На нашыя звычайныя чалавечыя патрабаванні, каб хаця б было мінімум таго, што называецца чалавечнасцю, каб не было палітычных вязняў у Беларусі, у кожнай краіне, дзе ёсць улада і апазіцыя. Мы маем сітуацыю парадаксальную – мы бачым павелічэнне колькасці аўтарытарных рэжымаў, бачым рост колькасці палітычных вязняў і бачым, на жаль, рост палітычных забойстваў і рост колькасці ахвяраў ад палітычных рэжымаў».
«Сёння тысячы і тысячы грамадзян Беларусі вымушаны змагацца за права жыць. Тыя людзі, якія знаходзяцца ва ўмовах СІЗА, калоніі, турмаў, «хіміі» кожны дзень пазбаўлены элементарных рэчаў, яны знаходзяцца ў холадзе, ім не хапае лекаў, яны пазбаўлены спатканняў з блізкімі. І кожная хвіліна іх жыцця гэта змаганне за жыццё».
«Рэжым робіць усё, каб знішчыць праявы салідарнасці, якая ўсё яшчэ існуе сярод беларусаў, каб знішчыць усе праявы пратэстнай актыўнасці. Яны ўжо не грэбуюць тым, што ідуць па сем’ях актывістаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэта ўжо і пагрозы пазбавіць маёмасці, і не грэбуюць тым, каб затрымаць састарэлых бацькоў. Нават у нашай дыяспары ёсць некалькі чалавек, у якіх былі затрыманы састарэлыя бацькі. Гэта па-за межамі ўсялякай чалавечнасці».
«Я лічу, што гэта неправільна, што трэба больш уважліва падыходзіць да санкцый, каб санкцыі білі менавіта па кашальку Лукашэнкі, а не па простым грамадзянам Беларусі».
«Мы разумеем, што заўжды бізнес для некаторых краін ставіцца на першае месца, але мы, беларусы, якія тут знаходзяцца з-за палітычнага пераследу, павінны прыцягваць увагу да сітуацыі ў Беларусі і рабіць тое, што мы можам зрабіць. А мы сёння можам зрабіць тое, што выйсці, напрыклад, да консульства, паказаць, што мы далей змагаемся, што мы будзем прыцягваць увагу польскай грамадскасці да сітуацыі ў Беларусі».
Comments are closed.