У Беластоку каля васьмідзесяці чалавек прынялі ў нядзелю 19 чэрвеня ўдзел у ланцугу салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Трымаючы плакаты, сцягі і партрэты палітычных зняволеных яго ўдзельнікі выстраіліся ўздоўж адной з галоўных вуліц горада – вуліцы Браніцкага на перакрыжаванні з вуліцай Электрычнай, дзе месціцца Генеральнае консульства Беларусі.
«Вельмі важна выходзіць на такія акцыі і паказваць, што беларусы не забыліся, што беларусы надалей змагаюцца і беларусы салідарны з тысячамі палітвязняў, якія сядзяць у турмах Беларусі. Мы павінны выходзіць і паказваць, што рэжым катуе людзей, рэжым кожны дзень затрымлівае сотні людзей за каментары ў тэлеграм-каналах, за тое, што людзі выходзілі на акцыі ў 2020 годзе, за тое, што людзі далей змагаюцца і хочуць, каб гэты рэжым знік. Беларусы, якія знаходзяцца тут за мяжой, я лічы, павінны выходзіць на такія акцыі і паказваць таксама для грамадзян Польшчы, што ў Беларусі дыктатура», – заявіў Абадоўскі.
У Беларусі нічога не скончылася і старонка не перагорнута, падкрэсліла ў каментары нашаму радыё адна з арганізатараў акцыі Наталля Сцепанцова. І інфармацыю пра гэта важна данесці жыхарам Беластока і грамадзянам Польшчы.
«У Беларусі не перагорнута старонка. У Беларусі сітуацыя надалей вельмі цяжкая. Калі я асабіста размаўляю з палякамі, яны кажуць, што ў Беларусі ўсё ціха, усё прайшло, тры гады мінула і ўсё заспакоілася. Таму вельмі важна для нас паказваць мясцовым жыхарам, мясцовым уладам, крычаць пра тое, што ў Беларусі надалей ёсць палітвязні і іх колькасць павялічваецца», – распавяла Сцепанцова.
Зараз можна пачуць такое пытанне – які сэнс ад усіх такіх акцый, адзначыў адзін з удзельнікаў ланцугу Аляксандр Каваленка, але ён упэўнены, што такія акцыі ў замежжы маральна вельмі дапамагаюць палітвязням у Беларусі.
«Вельмі шмат зараз такога – «А які сэнс ад гэтых вашых акцый? Ад таго, што вы выходзіце, палітвязні ўсё роўна не выйдуць». Я ведаю, што яны ад гэтага, на жаль, не выйдуць, але яны ведаюць, што іх падтрымліваюць. І для людзей, якія там, гэта вельмі важна», – заявіў Каваленка.
Comments are closed.