Марыя Калеснікава пераведзена на невызначаны тэрмін у ШЫЗА, а яе чарговага адваката хутка могуць пазбавіць ліцэнзіі. Сястра Марыі Таццяна Хоміч у эфіры радыё Ўнэт распавяла, што зараз вядома пра стан асуджанай на 11 гадоў Калеснікавай.
Два дні таму адвакат Уладзімір Пыльчанка зноў намагаўся сустрэцца з Марыяй, але яму адмовілі. Прычына адмовы – адсутнасць у Калеснікавай пісьмовых прыладаў. Праз гэта яна не можа напісаць запыт на сустрэчу з адвакатам.
Родныя не ведаюць, калі і на які тэрмін Марыю памясцілі ў ШЫЗА. Таксама невядома, ці будуць у гэтых спагнанняў іншыя наступствы, кшталту пазбаўлення перадач і спатканняў з бацькам. Гэтыя наступствы верагодныя, таму што за час, які Марыя знаходзіцца ў калоніі, у яе было толькі адно спатканне з татам напрыканцы кастрычніка, цягам 4 гадзін. Хоць па законе яна мае права на 3 доўгатэрміновыя спатканні (да 3 содняў) і 4 кароткатэрміновыя. Але, на жаль, спатканні, перадачкі і ліставанне – гэта інструмент ціску і пакарання зняволеных.
Падчас апошняга спаткання Марыя была ў добрым настроі і жартавала. Тата дзяліўся з ёй навінамі, бо палітвязні асабліва абмежаваныя ў доступе да інфармацыі. Марыю вельмі напружвае адсутнасць магчымасці займацца творчасцю і інтэлектуальнай працай.
Варта адзначыць, што ў калоніі Марыя прынцыпова паводзіць сябе ў межах правілаў. Таму абвінавачванні ў грубасці, знявазе і наўмысным парушэнні правілаў правакатыўныя. Іх прыдумляюць выключна для таго, каб здзекавацца над чалавекам і пастаянна яго караць.
На адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы Марыі Калеснікавай, Эдуарда і Віктара Бабарыкаў, Сяргея Ціханоўскага пастаянна аказваецца ціск. Так, Уладзімір Пыльчанка, Віктар Мацкевіч і Зміцер Пігуль 1 снежня выкліканыя на датэрміновую кваліфікацыйную камісію, на якой, хутчэй за ўсё іх пазбавяць ліцэнзій, як іншых адвакатаў знакамітых палітвязняў.
Да нядаўняга часу ў Марыі была магчымасць перыядычна тэлефанаваць тату. Падчас такіх размоваў Марыя заўсёды ў добрым настроі і бадзёрая. Але яна абмежаваная ў стасунках з іншымі вязнямі. Напрыклад, з палітычнымі ёй размаўляць забаронена. Па расказах людзей, якія яе там бачылі, Маша ўсё роўна выглядае моцнай.
Таццяна Хоміч распавядае, што падтрымка беларускіх палітвязняў з боку еўрапейскіх палітыкаў не зменшылася. Дагэтуль у беларусаў з’яўляюцца новыя «хросныя» палітыкі. Яны пішуць лісты, некаторыя дапамагаюць сем’ям вязняў падарункамі. У крытычных выпадках, як гэта было са Сцяпанам Латыпавым, ягоны «хросны» імгненна выступіў з заявай у Еўрапарламенце. Такія палітыкі робяць вельмі важны ўнёсак у тое, каб гісторыі палітвязняў і злачынстваў рэжыму пастаянна гучалі на розных палітычных пляцоўках Еўропы і свету.
Марыі Калеснікавай, якую добра ведаюць і шануюць у Нямеччыне, дагэтуль прысвячаюць творы, праводзяць у яе гонар дабрачынная канцэрты і акцыі. У кастрычніку Зальцбургскі ўніверсітэт прысвоіў ёй званне ганаровага прафесара.
Поўны каментар Таццяны Хоміч слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.