Беларускі вулічны музыка Канстанцін Жукаў апошнія паўтара года жыве і грае на вуліцах Варшавы. Звычайна песні ў ягоным выкананні па-беларуску і па-украінску можна пачуць на Старувцы. У эфіры радыё Ўнэт Канстанцін распавёў пра свой творчы шлях і падзяліўся падрабязнасцямі жыцця вулічнага музыкі.
У Польшчы граць лягчэй, чым у Беларусі, кажа Канстанцін: тут больш месцаў, дзе можна стаяць і спяваць тое, што падабаецца. Варшаўскія музыкі часцей за ўсё граюць на Старувцы, каля Палаца Культуры і Навукі і на набярэжнай Віслы. Сезон завяршаецца з маразамі. Дзеля таго, каб граць музыку на вуліцы, у Польшчы неабходная ліцэнзія. Больш за тое, у жылых кварталах дазваляецца шумець толькі да 22.00, але бывае і такое, што хтосьці з жыхароў выклікае паліцыю нават удзень. Тады яна прыязджае і просяць не граць ці не карыстацца калонкамі.
Заробкі ў вулічных музыкаў невялікія, але сабраць сабе на жытло і ежу цалкам магчыма. Дробязь, якую звычайна кідаюць мінакі, можна памяняць на буйныя купюры ў аптэках ці ў Нацбанку ў цэнтры, дзе для гэтага ёсць спецыяльны аўтамат. Што наконт таго, колькі такой працы можна вытрываць, Канстанцін Жукаў адзначае: гэта індывідуальна, бо асабіста ён можа спяваць максімум тры гадзіны на дзень, але ведае і тых, хто працуе і па шэсць. Кожны дзень праходзіць па-рознаму. Бывае, што хтосцьі з мінакоў спыняецца паслухаць на цэлую гадзіну. Самае прыемнае для вулічнага музыкі — калі людзі збіраюцца натоўпам.
«Калі твае спевы слухае шмат людзей, тады і спяваецца неяк лягчэй», – кажа Канстанцін.
Поўную размову і жывы выступ Канстанціна Жукава слухайце ў плееры ніжэй.
Comments are closed.