Сацыялагічнае даследаванне «Што палякі думаюць пра Беларусь і беларусаў?» правеў Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага. Апытанне польскай грамадскай думкі праходзіла ў траўні 2023 года. Прыводзім яго асноўныя высновы.
«Дынаміка апошніх падзей вакол Беларусі выбіла палякаў з пэўнага сталага пункту гледжання на гэтую краіну», – кажуць аўтары даследавання. Апошнія тры дзесяцігоддзі асацыяцыі, звязаныя з Беларуссю, былі даволі ўстойлівыя: нязменнасць кіруючага рэжыму, вобраз беларусаў як людзей спакойных і не вельмі схільных да пратэстаў, больш-менш стабільныя беларуска-польскія адносіны. Усё змянілася ў 2020 годзе. Пратэст беларускага грамадства супраць дыктатуры Лукашэнкі выклікаў вельмі пазітыўны рэзананс у польскім грамадстве і разбурыў стэрэатыпы пра беларусаў. У 2020–2021 гадах Польшча стала адным з буйнейшых прытулкаў для беларускіх актывістаў, дзеячаў культуры і прадпрымальнікаў. Аднак пяць хвілін Беларусі на міжнароднай арэне скончыліся з пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну, у якім беларуская дзяржава прыняла актыўны ўдзел, бо забяспечыла доступ да сваёй тэрыторыі для наземнага наступу, а пасля і для рэгулярных абстрэлаў і бамбарзіровак украінскіх гарадоў і аб’ектаў інфраструктуры.
Па словах сацыёлагаў, з апытання відаць, што Расія – гэта «камень на шыі» беларусаў, калі размова ідзе пра ўплыў на іх успрыманне ў Польшчы. Значны рост непрыязнасці і недаверу шмат у чым абумоўлены дзеяннямі Расіі, у прыватнасці, уцягваннем Мінска ў вайну ва Украіне і паглыбленнем залежнасці беларускага рэжыму ад Расіі.
Comments are closed.