Уладзіслаў Жывіца – дэпутат Смаленскай абласной думы Расійскай Федэрацыі, які прыкладна паўтары месяцы таму выехаў у Польшчу, выступіў у нядзелю ў Беларускім Доме ў Варшаве, дзе абвясціў аб стварэнні Смаленскага Рэспубліканскага цэнтра.
«Я прыхільнік канцэпцыі «Міжморʼя», ідэі мне аказаліся блізкія, якія дэклараваліся «Смаленскай зямлёй», «Смаленскай Рэспублікай», вось гэтай супольнасцю. Пакольку я дзейны дэпутат і ў нас падобныя блізкія ідэі, мяне запрасілі прадстаўляць інтарэсы на міжнародных платформах. Мы адкрыты да ўзаемадзеяння з усімі арганізацыямі, з усімі палітычнымі партыямі».
Падчас сустрэчы з дэпутатам вялікая частка пытанняў датычылася магчымых будучых стасункаў Смаленшчыны з Беларуссю. Як адзначалі і Уладзіслаў Жывіца і Ян Рудзік, зараз не ідзе гаворкі аб якіх-небудзь праектах аб’яднання Беларусі і Смаленшчыны ў будучыні, але ў сваёй стратэгіі Смаленскі Рэспубліканскі цэнтр будзе арыентаваны менавіта на беларускія дэмакратычныя сілы. Як тлумачыць спадар Уладзіслаў, менавіта беларусы і беларуская культура з’яўляюцца блізкімі для насельніцтва Смаленскай вобласці.
«Беларусь – гэта нашая саюзная дзяржава. «Паслялукашэнкаўская» Беларусь. Беларусы нам блізкія, як я і казаў, гэта адзіная этнакультурная прастора. Бліжэй смаляніну беларус, чым масквіч. Нават геаграфічна бліжэй даехаць у Беларусь, чым ехаць у Маскву».
Пры гэтым, як адзначыў спадар Уладзіслаў, пакуль гэтымі ідэямі зацікавіліся толькі нацыяналістычна арыентаваныя беларускія дэмакратычныя ініцыятывы. Больш ліберальна накіраваныя ініцыятывы цікавасці не выказалі, але, Смаленскі Рэспубліканскі цэнтр гатовы наладжваць сувязі з усімі жадаючымі дэмакратычнымі сіламі.
«Цяпер мы кантактуем з Рухам. З ліберальнымі беларускімі арганізацыямі кантакту ў нас няма. З Каардынацыйнай Радай мы супрацоўнічаем праз Яна Рудзіка. Вось у той жа час, нашы ідэі блізкія беларусам радыкальным, радыкальна настроеным. Ліберальна настроеным гэта нецікава, То бок, усе арганізацыі, якія маюць выразную радыкальную пазіцыю, якія гатовыя да дзеяння – гэта ўсё нашы саюзнікі».
Падчас сустрэчы прагучалі і планы на бліжэйшую будучыню, а менавіта, далучэнне смалян да абароны Украіны ў шэрагах менавіта беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў. Як адзначыў Ян Рудзік, ідуць перамовы аб магчымым стварэнні смаленскага ўзвода пры палку імя Кастуся Каліноўскага.
Comments are closed.