Пра сітуацыю з палітвязнямі і ўмовы іх утрымання распавядае правабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук.
Кожны тыдзень праваабарончая супольнасць прызнае палітзняволенымі новых людзей, але зараз сітуацыя такая, што новыя людзі становяцца палітвязнямі і адначасова выходзяць на волю тыя, хто збольшага адбыў поўны тэрмін пакарання. Калі мы нават паглядзім на вынікі па чэрвеню, то больш за 30 чалавек выйшлі на волю, а 27 з іх адбылі сваё пакаранне цалкам.
Увогуле па нашых падліках, пачынаючы з выбарчай кампаніі 2020 года было прызнана палітвязнямі больш за 2300 чалавек.
— Калі параўноўваць умовы ўтрымання людзей, зняволеных паводле палітычных матываў, якія былі на пачатку – у 2020-2021 гадах і цяпер, ці змяняюцца яны?
— Я бы сказала, што яны застаюцца стабільна кепскімі. Класічны шлях палітвязня: спачатку чалавека затрымліваюць і ён трапляе ў ізалятар часовага ўтрымання, кшталту на 10 дзён, пакуль яму не прад’явяць абвінавачванне. Калі гаворка пра Менск, то гэта сумнавядомы ізалятар на Акрэсціна. Там у камеры, дзе мусіць утрымлівацца 6-7 чалавек, утрымліваецца больш за 20, людзі спяць на падлозе, пазбаўленыя элементарных сродкаў гігіены і вопраткі. Там любы чалавек, які адбывае 10-15 сутак, выходзіць на волю і ў яго ў любым выпадку ёсць ужо нейкія праблемы са здароўем. А што казаць пра тых людзей, якія там знаходзяцца месяц, а то і болей?!
Пасля ізалятара ён трапляе ў СІЗА, дзе можа знаходзіцца як месяц-два, так і проста вялікія тэрміны. Як проста рэкорд – Эдуард Бабарыка, мы ўсе ведаем, што ён з моманту затрымання да суду тры гады быў у СІЗА і вось толькі гэтым летам яго асудзілі. У СІЗА, канешне, умовы крыху лепей, чым на Акрэсціна, але ўсё роўна яны вельмі псуюць здароўе. Гэта кепскае святло, кепскае паветра, няма прасторы куды рухацца, і яшчэ шмат якія праблемы.
Далей чалавек пасля суда трапляе ці на «хімію», ці ў калонію. Там пачынаюцца свае «прыгоды». Гэта амаль дармавая праца, дрэннае медычнае абслугоўванне. І мы адзначаем дыскрымінацыйнае стаўленне адміністрацыі калоніяў да палітвязняў.
Тая праблема, пра якую апошнім часам усе кажуць – гэта такі рэжым інкамунікада, калі адбываецца поўная блакада вязня. То бок, чалавеку не аддаюць лісты ні ад родных, ні ад іншых людзей, і яго карэспандэнцыю проста не выпускаюць за межы калоніі. Блізкія не ведаюць, што зараз з Сяргеем Ціханоўскім, Марыяй Калеснікавай, Максімам Знакам, Міколам Статкевічам. Вось літаральна зараз – жонка Мікалая атрымала вяртанне свайго ліста на падставе таго, што сам Мікола адмовіўся яго атрымліваць. Ну такога ж быць не можа.
— У 2021 годзе, калі ў калоніі ў Шклове загінуў Вітольд Ашурак, грамадства было шакавана. А вось нядаўна загінуў вядомы мастак Алесь Пушкін. Гэта выклікала вельмі вострую рэакцыю. А ці вядома праваабаронцам колькі ўсяго за гэты час загінула ў вязніцах людзей, асуджаных паводле палітычных матываў?
— Калі казаць менавіта пра палітычныя матывы, то гэта тры палітычныя зняволеныя. Так – гэта Вітольд Ашурак, 2021 год, і ў гэтым годзе ў пачатку траўня памёр у калоніі палітвязень Мікола Клімовіч. У яго была хвароба сэрца. Ён на судзе казаў, што «я не пацягну калонію, я проста там не выжыву». І, падаецца, праз два месяцы пасля суда ён памёр за кратамі. Апошні жудасны выпадак з Алесем Пушкіным – ён быў дастаўлены ў лякарню ў такім стане, калі фактычна немагчыма было яму дапамагчы. І тут пытанні да лекараў калоніі.
Увогуле, калі казаць пра смерці людзей, якія адбывалі пакаранні паводле палітычных матываў, таксама вядомы выпадак, калі асуджаны, падаецца, за каментары ў сацыяльных сетках, Дзмітрый Дудойць пасля першага тыдня на «хіміі» у Магілёве здзейсніў самагубства. І, узгадваючы жудасныя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і тое, што там адбывалася ў 20-21 гадах, вядома, як мінімум два выпадкі, калі Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка, якія ў 2021 годзе былі ў ізалятары на Акрэсціна па палітычных артыкулах, яны там захварэлі на кавід, выйшлі на волю і ўжо на волі яны памерлі.
Цалкам размову з Анастасіяй Васільчук слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.