Аб зборы матэрыялаў для Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пра ўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў ваенных злачынствах супраць украінцаў распавёў у Беластоку кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і сябра Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Туды ён прыехаў, каб сустрэцца з беларускай грамадскасцю, пачуць меркаванні людзей, паразмаўляць з імі перад Другой Канферэнцыяй беларусаў свету, якая запланавана ў Вільні на 22-23 красавіка.
У культурнай сферы навязваецца наратыў пра прыналежнасць беларусаў да нейкай адзінай культурнай прасторы з рускімі, а за тое, што размаўляеш па-беларуску, ведаеш беларускую гісторыю і на чым яна грунтуецца, можна трапіць за краты.
Таксама выклікам для беларусаў з’яўляюцца планы размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі. Паводле спадара Латушкі, Лукашэнка заўсёды марыў пра валоданне ёю і лічыць перадачу ядзернага ўзбраення расійскаму боку памылкай, якую здзейснілі ў 90-х гадах тагачасныя беларускія ўлады. Наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі можа даць правіцелю ў Мінску большую суб’ектнасць на міжнароднай арэне, з ім пачнуць лічыцца і весці перамовы аб зняцці санкцый. У той жа час ні аб якой абароне нашай краіны гаворкі не ідзе. Ствараецца сітуацыя, калі па Украіне можа быць нанесены ядзерны ўдар з Беларусі, але наша краіна ў сваю чаргу становіцца мішэнню і вайна прыйдзе на нашу тэрыторыю.
У Еўропе ж, паводле Паўла Латушкі, няма належнага рэагавання на праблематыку размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, нягледзячы на тое, што такія планы Лукашэнкі і Пуціна парушаюць Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, Будапештскі мемарандум 1994 года. Пры гэтым у Еўропе ёсць краіны, якія выступаюць за паслабленне санкцый у дачыненне да лукашэнкаўскага рэжыму, асабліва гэта тычыцца экспарту беларускага калію.
Павел Латушка заклікаў падпісваць і дасылаць уладам еўрапейскіх краін, у Еўракамісію зварот Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб неабходнасці дадатковых санкцый да рэжыму Лукашэнкі. Гэта зварот можна знайсці на інтэрнэт-рэсурсах НАУ.
Зараз пракуратура Польшчы вядзе тры расследаванні ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі. Першае – адносна захопу і прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта Rayanair у маі 2021 года. Таксама гэта справа знаходзіцца і на разглядзе і ў Нью-Йоркскай пракуратуры. Другое расследаванне – гібрыдная вайна з выкарыстаннем мігрантаў. Пачатая з 2021 года, яна дагэтуль не можа спыніцца. Рэжым прывозіць мігрантаў і спрабуе іх закінуць на тэрыторыю Польшчы, Літвы і Латвіі. Па гэтай тэме сабрана агромністая факталагічная база, сцвярджае Латушка.
Трэццяя справа – злачынства супраць чалавечнасці. Латушка заклікаў падаваць заявы за той гвалт, які здзяйснялі сілавікі на тэрыторыі Беларусі. Сам ён ужо даў паказанні па гэтай справе.
«У адпаведнасці з універсальнай юрысдыкцыяй, і калі гэта злачынствы супраць чалавечнасці, фармальна пракурор мае права аб’явіць у вышук падазраваныя асобы. Калі ў рамках гэтага следства будзе даказана, што ў Беларусі існуе арганізаваная злачынная групоўка, на чале якой стаіць грамадзянін Лукашэнка, гэта фармальна дае падставы аб’явіць у вышук Аляксандра Лукашэнку праз сістэму Інтэрпол і ўсіх тых, хто саўдзельнічаў гэтым злачынствам», – заявіў Павел Латушка.
Яшчэ адным накірункам юрыдычнай дзейнасці НАУ па прыцягненні да крымінальнай адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых – расследаванне дапамогі ў крадзяжы расійскімі захопнікамі ўкраінскіх дзяцей. Нагадаю, што імавернымі арганізатарамі гэтага злачынства Міжнародны крымінальны суд у Гаазе лічыць Уладзіміра Пуціна і расійскага дзіцячага амбудсмена Марыю Львову-Белову.
«Мы адразу пачалі цікавіцца гэтай тэмай і прыйшлі да высновы, што ў нас ёсць дастаткова інфармацыі, якая дае нам падставы казаць аб здзяйсненні ваенных злачынстваў з удзелам Беларусі і рэжыму Лукашэнкі.
Ёсць Чацвёртая Жэнеўская канвенцыя, якая працуе ў часы вайны. У адпаведнасці з гэтай Жэнеўскай канвенцыяй, дзеці з’яўляюцца асабліва абароненай катэгорыяй падчас вайны і іх нельга вывозіць за межы той тэрыторыі той краіны, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца. Іх можна было вывезці на тэрыторыю акупаваную ворагам – Расійскай Федэрацыяй, у бяспечную зону. Ну напрыклад, чаму не ў Крым? Гэтага Расія не зрабіла, Расія забірае гэтых дзяцей і вывозіць у Расійскую Федэрацыю. І мала таго, гэтых дзяцей забіраюць і вывозяць у Беларусь.
І мы дайшлі да дакументаў, што ўрадам так званай Саюзнай дзяржавы было прынята адпаведнае рашэнне, пастанова Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, на падставе якой быў зацверджаны праект, што 1050 дзяцей з Украіны накіроўваюцца ў Мінскую вобласць. Гэта фактычна дэпартацыя гэтых дзетак на тэрыторыю Беларусі. Арганізоўваў гэты ўвесь працэс Аляксей Талай, паралімпіец, які ўзначальвае адпаведны фонд і блізкі да Лукашэнкі. Лукашэнка даў даручэнне фінансаваць гэта ўсё «Беларуськалію», Івану Галаватаму, генеральнаму дырэктару «Беларуськалія». Дзяцей вывезлі на базу адпачынку ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці, і зараз прыехалі чарговыя 350 украінскіх дзяцей. То бок іх пастаянна перманентна вывозяць на тэрыторыю Беларусі. І мы кажам сёння толькі пра тэрыторыю Мінскай вобласці. А ў нас ёсць сведчанні, што іх вывозілі і на тэрыторыю Гомельскай вобласці», – распавёў кіраўнік НАУ.
Амаль гадзіну гучалі пытанні да кіраўніка НАУ і яго адказы на іх. Павел Латушка, у прыватнасці, распавёў аб тым, што санкцыі павінны дэстабілізаваць рэжым Лукашэнкі і зруйнаваць выбудаваную ім сістэму, аб вартасці закрыцця межаў з Беларуссю для грузавых перавозак. Ён прызнаў, што эфектыўнасць працы Аб’яднанага пераходнага кабінета недастатковая, заклікаў дапамагаць хоць малымі грашыма беларускім вайсковым аб’яднанням.
Comments are closed.