У панядзелак здарылася чарговае ўваскрасенне Лукашэнкі. Тры дні Байнэт яго зноў хаваў, а ўсё з падачы Валерыя Цэпкалы, які паведаміў, што ў чацвер пасля спаткання з Пуціным Лукашэнка трапіў да шпіталя ў Маскве, ён у крытычным стане, нетранспартабельны і ўвогуле ледзь не дажывае апошнія дні. Адкуль у Цапкалы такая інфармацыя, было незразумела, тым больш, што на сустрэчах на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, якія праходзілі ў Маскве ў сераду і чацвер, Лукашэнка дэманстраваў бадзёрасць духа і цела, і выглядаў значна лепш, чым падчас папярэдняга візіту ў Маскву на парад Перамогі.
У панядзелак Лукашэнка аб’явіўся на публіцы, дзе разам з кіраўніцай Цэнтрабанка Расіі Эльвірай Набіулінай разважаў пра адзіную валюту ў Саюзнай дзяржаве. А беларуская прапаганда перадавала прывітанне «пахаваўчай камандзе».
Тэма здароўя Лукашэнкі пасля 9 траўня застаецца ключавой у беларускіх медыях, і не выключана, што такія чуткі будуць з’яўляцца пастаянна. Як нам з гэтым жыць і як на гэта рэагаваць – радыё Ўнэт пагаварыла з аналітыкам праекта Media IQ Паўлюком Быкоўскім.
— А ты сам верыш гэтым чуткам пра хваробы Лукашэнкі?
— Я памятаю Аляксандра Лукашэнку яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савета. І памятаю, што ён асабіста мог пачаставаць алкаголем каго заўгодна, але сам алкаголь асабліва не ўжываў. Быў даволі здаровым і поціск у яго заўсёды быў моцны. Ён не выглядае настолькі замучаным жыццём і дакладна мае доступ да добрай медыцыны. І я лічу, што ўсё ж такі ў сённяшніх умовах ён можа існаваць даволі доўга, бо медыцына на гэта здатная. Гэта тое, чаго не хватала таварышам Брэжневу і Чарненку. У Лукашэнкі яшчэ не той узрост, працуе ён збольшага за сталом, таму ўсе гэтыя рэчы не выглядаюць верагодна. З іншага боку, як казаў адзін з персанажаў Булгакава: чалавек смяротны, і ён можа быць смяротным раптоўна.
— А яго будуць у такім не надта здаровым стане дэманстраваць публічна і надалей?
— Сёння яны робяць гэта не так, як трэба рабіць, каб не ўзнікла ў нас падазрэнняў, што з ім штосьці адбываецца. Яны не ведаюць, як гэта падаць. Але насамрэч тэхнічна сфармаваць парадак дня так, каб мы гэтага не заўважылі, можна. Зрабіць так, каб ён быццам бы прысутнічаў не за кошт «кансерваў» (старых запісаў), якія бясконца круцяць, калі яго няма тыдзень на працы, таксама магчыма. Гэта можна прадумаць. Я не будуць даваць канкрэтных рэцэптаў: усё прапісана ў падручніках, як выходзіць з падобнага кшталту крызісных сітуацый. Тое, што яны гэтага не могуць зрабіць альбо з-за сваёй дубовасці, альбо з-за таго, што першая асоба не хоча гуляць у такія гульні, бо трэба яшчэ на ўсё гэта згода «кліента», то гэта ўжо іншая гісторыя. Я не магу выключаць, што яны ўсе ж такі навучацца і будуць нам дурыць мазгі больш эфектыўна, больш якасна, чым яны гэта робяць сёння. У такой сітуацыі ў нас будзе менш ускосных дадзеных, каб заўважыць адсутнасць Лукашэнкі, але мы гэтыя дадзены ўсё роўна знойдзем.
Comments are closed.