12 лістапада беларусы ўшаноўвалі памяць Рамана Бандарэнкі, які тры гады таму быў да смерці збіты сілавікамі ў сваім мінскім двары, больш вядомым як Плошча Перамен. «Не забудзем! Не даруем!» – асноўны пасыл, з якім выходзілі людзі па ўсім свеце.
У Вільні акцыі памяці Рамана Бандарэнкі працягваліся цэлую нядзелю. Спачатку прысутныя сабраліся на плошчы Кудзіркі на беларускі мітынг з прамовамі, выступленнямі, успамінамі. «Я выходжу» – апошнія словы Рамана гучалі на розных мовах, у вершах, песнях і ва ўспамінах людзей.
Сяржук Сыс, праваабаронца і паэт: «На Плошчы Перамен у той дзень я бачыў людзей, якія проста плакалі. Моўчкі стаялі і плакалі. Людзі толькі прыходзілі, ніхто не сыходзіў. Усе разумелі, што ўлада перайшлі ўсе магчымыя межы».
Андрэй Тупоўскі, актывіст з Магілёва: «Я прыязджаў на Плошчу Перамен ужо пасля смерці Рамана, аддаць даніну памяці яму і іншым героям. Я калі прыехаў, то ўжо там хадзіў патруль, у гэты двор не прапускалі тых, хто там не жыве. У Магілёве мы ведалі пра Рому, мы выходзілі, вывешвалі стужкі, запісвалі ролікі ў яго падтрымку».
Увечары ўжо маўклівая акцыя памяці прайшла ля будынка беларускай амбасады ў Вільні. Там ля агароджы на алеі памяці загінулых ад рэжыма Лукашэнкі беларусаў – фатаграфія Рамана Бандарэнкі, да якой увесь час людзі несці кветкі.
У Варшаве акцыя памяці Рамана Бандарэнкі праходзіла на ронда Вольнай Беларусі. Першапачаткова яго планавалася назваць у гонар загінулага беларуса, але па законе гэта зрабіць можна толькі пасля таго, як з моманту смерці пройдзе пяць гадоў. Таму тут пакуль стварылі імправізаваны мемарыял Раману і правялі акцыю памяці.
У акцыі прынялі ўдзел сястра Рамана, Вольга Бандарэнка, прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык і Павел Латушка і польскія палітыкі.
Па словах Аліны Коўшык, сёння вельмі важна памятаць пра загінулых герояў: «Тое, што зараз ганебны рэжым хоча пазбавіць нас нават памяці – гэта страшна. Яны не дазваляюць нават паставіць помнік Роме. Родным адмовілі фірмы ў выкананні помніка, уявіце сабе. Але я веру, што помнік Раману Бандарэнку будзе стаяць на могілках і я думаю, што не толькі там. Імем Рамана мы назавем розныя фонды, праграмы, вуліцы. Гэта той чалавек, які вельмі шмат зрабіў дзеля нас, каб мы засталіся людзьмі».
«Кожны дзень затрыманні, кожны дзень рэпрэсіі. Прычым, калі мы чытаем, можаце звярнуць увагу, што ідуць па такіх месцах, па такіх прадпрыемствах, каторыя, здавалася б, звычайныя арганізацыі, якія нічым не адрозніваюцца ад іншых дзяржаўных нават арганізацый, але тым не менш рэпрэсіі ідуць і там. У 2020 годзе ўдзельнічалі мы ўсе, так ці інакш мы ўсе ўдзельнічалі. 2020 год падзяліў нас на тых, хто падтрымлівае акупацыю, і на тых, хто хоча быць свабодным чалавекам, тых, хто хоча свабоды для нашай Беларусі, а яна прыйдзе абавязкова».
Comments are closed.