27 верасня кіраўнікі калабарацыйных уладаў часова акупаваных тэрыторый выклалі справаздачы аб тым, што рэферэндумы па ўваходжанню ўкраінскіх абласцей, часова акупаваных Расіяй, паспяхова прайшлі. Такім чынам, акупацыя выйшла на новы ўзровень — спробы надання захопніцкім дзеянням выгляду легітымнасці.

Украінскі палітолаг Уладзімір Воля ў эфіры «Світанку свабоды» пракаментаваў гэты палітычны фарс, выказаўшы думку, што злачынствам ёсць нават не самі гэтыя рэферэндумы, а тыя наступствы, што за імі надыдуць.

Фота: politics.comments.ua

Сцісла:

  • Прадстаўнікі калабарантаў абвесцілі, што ўсё прайшло па іх плане, бо яны і не збіраліся праводзіць рэальны рэферэндум. Проста прайшліся з аўтаматамі па дамах. А пад дулам аўтамату хто заўгодна прагаласуе за што заўгодна. Таму вынікі цалкам чаканыя.
  • Нікога там ні меркаванні людзей, ні яны самі не цікавяць. І тое, як «вызваліцелі» руйнуюць дамы і мірную інфраструктуру, гэтаму доказ. Усе гэтыя рэферэндумы — не больш чым выставы з мэтай стварэння медыйнай карцінкі.
  • З улікам таго, што вялікая колькасць людзей адтуль з’ехала, то аб рэпрэзентатыўнасці гэтых псеўдарэферэндумаў няма чаго казаць. Таму інакш, як нахабнай, цынічнай выставай гэтыя дзеянні не назавеш. А для жыхароў таго рэгіёну гэта сумная, трагічная гісторыя, бо яны апынуліся ў становішчы, калі іх фактычна пазбавілі выбару.
  • Гэтыя рэферэндумы могуць бумерангам ударыць па самой Расіі. Бо яна паказала прыклад, як нахабна можна весці сябе і з самой Расіяй. І не варта здзіўляцца, калі на тэрыторыі адміністратыўнай адзінкі самой Расіі хтосьці захопіць уладу. Калісьці Расія асуджала такія спосабы, якія зараз ужывае сама і стварае прэцэдэнт для іншых.
  • Але трэба ўлічваць, што рэферэндум — гэта выстава, з дапамогай якой намагаюцца аформіць анексію, крадзеж часткі ўкраінскай тэрыторыі.
  • І рэальнае злачынства не рэферэндум, а гэтая анексія. Пуцін хоча схаваць гэтыя тэрыторыі пад ядзерны шчыт Расіі. Але ён стварыў прыклад і зараз, напрыклад, чаму Тайвань не можа таксама прагаласаваць за ўваход у склад ЗША і схавацца пад яе ядзерны «парасон»?
  • Зараз важна, як Кітай адрэагуе на вынікі рэферэндумаў, бо калі ён не засудзіць іх, тады Тайваню таксама можна скарыстацца такой тэхналогіяй незалежнасці імя Пуціна. Тое ж самае можна казаць і пра Індыю і пра іншыя краіны, якія зараз займаюць нейтральную пазіцыю.
  • Другі аспект наступстваў — Казахстан. Уладзімір Воля не выключае, што калі Пуцін абвесціць анексію і яна будзе зацверджана Саветам Федэрацыі, Казахстан выйдзе з складу АДКБ ці, як мінімум, прыпыніць дзеянне ў ім.
  • Таму што, па-першае, у Казахстана ёсць тэрыторыі, якія Расія лічыць сваімі. Па-другое, Пуцін махлярскім спосабам уцягвае Казахстан у вайну з Украінай. Бо спачатку абвяшчае тэрыторыі расійскімі, а потым абвінавачвае Украіну, што тая напала на Расію. Па правілах АДКБ Казахстан павінен прадставіць вайсковую дапамогу свайму партнёру па дамове.
  • І застанецца Пуцін з Лукашэнкам, якому няма куды дзявацца. Лукашэнка зайграўся. Эканоміка пад санкцыямі і не развіваецца, перапоўнена крызавымі з’явамі ў адрозненні ад Казахстану, у якога ёсць рэсурс.
  • Трэці аспект наступстваў рэферэндумаў — незадаволенасць сярод расіян. Адно пытанне назіраць за вайной з канапы, як на рэаліці-шоў, і зусім іншае — падпасці пад мабілізацыю.
  • Апроч таго, можна падлічыць фінансавыя страты за анексію. Праз санкцыі грошай у бюджэце моцна не хапае, а Пуцін навесіў на бюджэт яшчэ і траты на вайну і на ахову анексаваных тэрыторый. Пуцінскія ідэі ўспрымаліся расіянамі як велічныя, пакуль не крануліся іх асабістага камфорту. А так можна чакаць, як у хуткім часе ў Расіі з’явіцца прымаўка «Хопіць карміць Данбас» накшталт дзейснай «Хопіць карміць Каўказ».
  • Ці вартыя гэтыя тэрыторыі тых страт і той цаны, якой яны ёй дастаюцца? Напрыклад, толькі замарозка расійскіх актываў на 300 мільярдаў даляраў. На што памянялі гэтыя 300 мільярдаў? На разбураныя чатыры вобласці, якія трэба аднаўляць?
  • Палітолаг мяркуе, што Пуцін працягне спробы наступу на Херсонскім і Запарожскім напрамках. Расія не была гатова да такой вялікай вайны, і ёй бракуе забеспячэння. І як бы там ні было, гэта пачатак агоніі, нават калі вайна зацягнецца, а лінію фронту часова замарозяць.
  • У бліжэйшы тыдзень можна чакаць заяў ад Брытаніі, Францыі і ЗША, што ў адказ на ядзерны ўдар па Украіне яны адкажуць адпаведным ударам па Расіі. Гэта патрэбна, каб захаваць ядзерны парытэт, каб вайна была шчырай.
  • Пуцін зараз выглядае як амбал, які прайграў вайну, у якога франты пасыпаліся, армія пагана забяспечана і арганізавана. І Пуцін зараз хавае сваю паразу за рэферэндумамі, анексіяй і ядзерным шчытом.

Comments are closed.