Пра гэта распавёў суарганізатар імпрэзы Антось Клімчук-Варшавыскі.
У мястэчку Ловіч пад Варшавай 24 і 25 чэрвеня пройдзе беларускі мотавелапікнік. Яго арганізуюць байкеры, якія пераехалі ў Польшчу з розных куткоў нашай краіны. Арганізатары абяцаюць удзельнікам мерапрыемства маляўнічую тэрыторыю, пляц для намётаў, вялікі навес са сцэнай, месца на грыль і, вядома, паркінг.
Сцісла ў размове:
- Ідэя правесці мотавелапікнік нарадзілася 25 сакавіка за келіхам піва. Пачаткова мы планавалі проста выехаць на прыроду камандай аматараў колаў. Але ў выніку вырашылі, што трэба зрабіць гэтае мерапрыемства больш масавым, каб да яго магло далучыцца як мага больш асобаў з розных гарадоў.
- Чаму пікнік не ў Варшаве? Дык, а хто ж праводзіць такія мерапрыемствы ў сталіцы? Ловіч – маленькае мястэчка ў 70 км ад Варшавы са сваёй атмасферай. Мясцовыя ўлады былі вельмі радыя, калі пачулі пра тое, што мы хацелі б правесці ў іх горадзе такую імпрэзу. Сам пікнік пройдзе на прыватнай сядзібе.
- Плануецца вялікая забаўляльная праграма. На пікніку выступяць Піт Паўлаў і гурт «23.34», удзельнікі імпрэзы пачуюць каверы «Караля і Шута», змогуць на хуткасць пазабіваць цвікі ў дрэва і пачаставаць мяса з півам.
- Далучыцца да пікніка можа кожны ахвочы. Для гэтага неабавязкова быць байкерам ці прафесійным раварыстам. На імпрэзу можна прыязджаць разам з дзецьмі. Удзел у мерапрыемстве платны: квіток будзе будзе каштаваць ад 70 да 120 злотых.
Comments are closed.