3 снежня ў Беластоку адкрыўся беларускі хаб «Новая зямля». У эфіры радыё Ўнэт сузаснавальнік хаба Зміцер Антончык распавёў пра падзею.
Плануем ладзіць цікавыя імпрэзы і сустрэчы, запрашаць гасцей і шукаць жывыя тэмы. Сама прастора вельмі добра для гэтага падыходзіць. На адкрыцці мы пабачылі, што ў памяшканні можа змесціцца вялікая колькасць людзей. Толькі ў першай зале свабодна размяшчаюцца каля 90 чалавек. А залі ў нас дзве.
Па колькасці беларусаў, якія жывуць у горадзе, Беласток займае другое месца пасля Варшавы. Тут і да прыезду апошняй хвалі пасля 2020 года было актыўнае беларускае жыццё, існавала шмат ініцыятываў. Дыяспара даволі дружная і тыя, хто нядаўна прыехаў, добра ладзяць са старажыламі.
Мы плануем праводзіць зараз курсы «Мова нанова» і іншыя адукацыйна-культурніцкія праграмы. Плануюцца кінапрагляды і дыскусійны клуб. Гістарычная ініцыятыва, якая працуе ў іншым месцы, таксама думае над фарматам мерапрыемстваў і ў нас.
Людзі могуць пераходзіць з адных ініцыятываў да другіх. Але гэта цалкам натуральна. Зміцер Антончык больш за 20 год у дэмакратычным руху і ведае, як падобныя працэсы адбываліся пасля кожных выбараў.
Пакуль праца хаба вядзецца за ўласныя сродкі і спонсарскую дапамогу. Але стваральнікі зарэгістравалі фундацыю, праз якую спадзяюцца збіраць грошы на аплату арэнды і іншыя выдаткі.
Зміцер падкрэслівае важнасць такіх прастораў для беларусаў, якія згубілі бацькаўшчыну і могуць згубіць жаданне ўдзелу ў грамадскіх ініцыятывах, калі не будзе падтрымкі, аднадумцаў і перспектывы.
Comments are closed.