У Дубічах Царкоўных, што ў Гайнаўскім павеце непадалёк ад мяжы з Беларуссю, 9 чэрвеня распачынаецца фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj. На працягу месяца ў розных мясцовасцях Падляшскага ваяводства адбудуцца канцэрты, якія арганізатары пазіцыянуюць як аўтэнтычную беларускую музыку без сучаснай аранжыроўкі. Распавядае наш беластоцкі карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.
Першы канцэрт фестываля павінен распачацца а 17 гадзіне 9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне, наступны 10 чэрвеня – у вёсцы Саколе Міхалоўскай гміне, а 18-га – у вёсцы Цеснае каля Супраслі непадалёк ад Беластока. Вялікі фінал запланаваны на 24 чэрвеня на Семяноўскім вадасховішчы ў вёсцы Бандары гміны Міхалова. Арганізатары разлічваюць на тое, што гледачоў прынамсі на першыя два канцэрты будзе досыць, улічваючы добрае надвор’е, пры якім прыемна пабыць на свежым паветры, і слухаючы народную музыку, паспяваць і патанцаваць. Кажа Зміцер Косцін.
«Што будзе адметнае? Напэўна, найбольшая адметнасць чым будуць розніцца бліжэйшыя тры канцэрты – выступы мясцовых калектываў. Гэта наша задума пачатковая каб прадстаўляць, аднаўляць, вяртаць да жыцця фальклор беларусаў Беласточчыны. Гуртоў, якія традыцыйным фальклорам займаюцца, засталося не так шмат. Тыя, якія ёсць, большасць з іх паволі ад старых песень, песень іх бацькоў, дзядоў адыходзяць. Таму што новая мода. Штогадовыя конкурсы, напрыклад, беларускай песні, якія арганізуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства, там рыхтуюць штораз новыя песні, нярэдка аўтарскія. Таму адыходзіць гэты аўтэнтычны фальклор з гэтай тэрыторыі Беласточчыны кудысьці далёка, і маладзейшае пакаленне ўжо не чуе ані гэтых спеваў, ані ведае што, акрамя бяседных, шырокавядомых песень, былі таксама песні і вясельныя, і абрадавыя, жніўныя. Адным словам, гэта асноўнае, на што мы хочам звярнуць увагу», – распавёў арганізатар фестываля.
Такім чынам на першыя тры канцэрты, якія, адбудуцца сёння ў Дубічах Царкоўных, заўтра ў Саколе, а 18 чэрвеня – у вёсцы Цеснае каля Супраслі, што побач з Беластокам, дабірацца можна сваім альбо грамадскім транспартам. На заключны канцэрт 24 чэрвеня з Беластока ў вёску Бандары гміны Міхалова плануецца арганізаваць спецыяльны аўтобус. Як запэўніваюць арганізатары, чагосьці падобнага фестывалю Soncahraj у беларусаў у Польшчы яшчэ няма.
Comments are closed.