Чацвёрты раз запар 3 лютага на Падляшшы праходзіў Дзень падляшскай музыкі, распачаты мясцовымі радыёжурналістамі. У гэты дзень на хвалях радыёстанцый рэгіёна гучыць музыка, створаная мясцовымі музыкантамі. Пра тое, як паўстаў гэты дзень у 2021 годзе і дзеля чаго ён патрэбен, нам распавяла беларуская спявачка з Падляшша і адна з ініцыятарак акцыі Ілона Карпюк.
Падляшша можна разумець шырока – можна ісці на поўдзень аж за Сямятычы, а на поўнач аж за Сувалкі, Сейны. Так што ёсць вялікая свабода ў радыёжурналістаў, каб шукаць глыбока і шукаць у мінуўшчыне розныя жанры, розных музыкантаў, якія ствараюць музыку. Дзеля чаго гэта? Дзеля таго, каб даць шанец, магчымасць слухачам гэтых радыёстанцый, каб адзін дзень у годзе, адыйшоўшы ад прапановаў можа больш камерцыйных часам, паказаць тое, чым мы можам ганарыцца, а таксама даць шанец музыкам, аўтарам музыкі, словаў розных жанраў дайсці да слухача.
Часам слухачы шукаюць розных музыкантаў, не ведаючы, што тут на Падляшшы ствараецца, якая музыка ўзнікае. Таму гэта такая магчымасць, каб проста дайсці шырэй да слухача. А гэтыя радыёстанцыі ахопліваюць ваяводства шчыльна. Слухач, уключаючы адну з гэтых трох радыёстанцый, шукае, напэўна і лакальную інфармацыю, розныя матэрыялы, рэпартажы пра тое, што адбываецца ў рэгіёне і сваіх гарадах, і пры нагодзе слухае музыку.
Вядома, што не адзін дзень у годзе слухаем музыку падляшскіх выканаўцаў, але звычайна яны прабіваюцца час ад часу. А ў гэты дзень гэтыя хвалі запаўняюцца падляшскай музыкай, і ёсць шанец, што слухач, які можа не ведае, што можна знайсці так шмат лакальнай музыкі, мае магчымасць яе слухаць на хвалях сваіх любімых радыёстанцый”.
Comments are closed.