Беларускі нацыянальны моладзевы Савет «Рада» бярэ ўдзел у Кантактнай групе па Беларусі Рады Еўропы. Гэта прадстаўнікі беларускай моладзевай Рады расцэньваюць як магчымасць быць пачутымі, бо, на жаль, многія моладзевыя ініцыятывы наракаюць на недастатковае разуменне сваіх патрэбаў і памкненняў нават прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных колаў. Пра тое, з якімі чаканнямі і прапановамі Моладзевы Савет «Рада» патрапіў у Кантактную групу па Беларусі Рады Еўропы і якія пытанні мае моладзь на цяперашім этапе распавяла сакратарка Беларускага нацыянальнага моладзевага савета «Рада» Марго.
Сама Кантактная група нарадзілася як ідэя таму, што Беларусь уваходзіла ў склад Рады Еўропы як назіральнік і чалец 11 кантактных груп у розных напрамках да сакавіка 2022 года, калі Рада Еўропы прыняла рашэнне аб выключэнні і Беларусі, і Расіі са складу кантактных груп. І гэта для нас свайго роду інструмент уплыву на розныя сацыяльныя групы ў краінах Еўропы, каб прасоўваць цікавасці беларускай моладзі, а таксама такі пул экспертаў, якія могуць дапамагчы нам будаваць новую Беларусь.
Пасля таго, як мы сабралі ўсе патрэбы з нашага моладзевага сектара, мы вызначыліся з тымі прыярытэтамі, якія мы прасоўваем менавіта ў складзе Кантактнай групы. Гэта абарона правоў моладзі і ўвядзенне моладзі ў працэс прыняцця рашэнняў ды нарошчванне патэнцыялу моладзі. У межах гэтых напрамкаў можна распрацоўваць праекты і зараз яны ў нас працуюць на такіх трох канцэптуальных узроўнях – гэта адукацыя, правы моладзі і моладзевы ўдзел.
Разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі ў еўрапейскіх чальцоў Кантактнай групы рознае. Калі я пачынала казаць, што ў Беларусі на той момант было больш за 1300 палітычных зняволеных і больш за палову з іх – гэта моладзь, было бачна, што эмацыйная рэакцыя ў шмат каго з іх вельмі здзіўленая. Агульная атмасфера – у шмат каго адсутнічае дэтальнае разуменне.
Гэта цалкам новы досвед узаемадзеяння для Рады Еўропы. Раней у іх у кантактныя групы ўваходзілі менавіта прадстаўнікі дзяржаваў, прызначаныя дзяржаўнымі органамі. І ў іх няма механізма працы з намі. Яны разумеюць, што ў нас ёсць праблемы і іх трэба вырашаць, але ў іх няма разумення, як гэта рабіць. То бок, павінен быць прапісаны нейкі механізм працы. І зараз для нас асноўная мэта – гэта распрацаваць такі механізм.
Калі быць шчырымі, то ні Офіс Святланы Ціханоўскай, ні Пераходны Кабінет, ні іншыя структуры ў складзе новых дэмакратычных сілаў не маюць поўнага разумення, што такое моладзь і якія ў яе ёсць патрэбы і што нам насамрэч патрэбна. Для нас зараз вельмі вялікая праблема – гэта данесці нашыя праблемы да Офісу Святланы Ціханоўскай, даць зразумець, што мы асобная ўразлівая група, якая патрабуе ўвагі ад іх. Гэта наш вельмі вялікі выклік на цяперашні момант – даць зразумець палітычным актарам, што моладзь – гэта таксама палітычны актар, што мы хочам быць гэтым працэсе прыняцця рашэнняў.
Уся наша кантактная група наладаваная на працу ў пабудове новай Беларусі і мы гатовыя прыкладаць нашыя намаганні, каб стварыць новую дэмакратычную структуру і вельмі радыя, што нам далі шанец працаваць з Радай Еўропы. Мы хочам прыцягваць супольнасць да гэтага працэсу. Мы максімальна адкрытыя, гатовыя да прапановаў і працы з усімі, хто мае такое жаданне.
Цалкам размову з сакратаркай Моладзевага Савету «Рада» Марго слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.