У нашым Топ-5 мы сабралі для вас беларускія кніжныя навінкі гэтай восені. Ёсць раманы, паэзія і нават сюжэты японскай мангі.
1. Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2»
У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў.
2. Андрэй Хадановіч «На беразе Волі»
Новая кніга вершаў самага медыйнага беларускага паэта выйшла ў лістападзе гэтага года. «Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падкрэсліваў Андрэй Хадановіч.
3.Ганна Янкута «Час пустазелля»
«Час пустазелля» – празаічны дэбют Ганны Янкуты. Над сваім першым раманам яна працавала з сакавіка 2022 года па чэрвень 2023-га, спрабуючы асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля жніўня-2020.
Пісьменніца глядзіць на свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі, спрабуючы запомніць і захаваць уласную самасць у момант, калі рушыцца свет, у якім мы некалі навучыліся жыць.
4.Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абеліск»
Апошні і адзіны раз кнігі гэтага знакамітага аўтара ў арыгінальным перакладзе на беларускую мову выходзілі ў 1994 годзе (гэта былі «Тры таварышы» ў перакладзе Уладзіміра Папковіча). «Чорны абеліск» – восеньская навінка гэтага года. Самы філасофскі раман класіка сусветнай літаратуры пераклала Іна Хоміч.
«Чорны абеліск» — раман пра тое, як заставацца чалавекам у бесчалавечных умовах. Як і большасць твораў Рэмарка, «Чорны абеліск» вельмі аўтабіяграфічны. У цэнтры ўвагі – звычайныя людзі, жыццё якіх руйнуецца ў пасляваенным свеце.
5. Вал Клемэнт «Круглая Square»
Васіль Еўдакімаў, які выступае пад псеўданімам Вал Клемэнт, – прадстаўнік даўнейшай хвалі эміграцыі: ён пераехаў жыць у Лондан у пачатку 1990-х гадоў. Яго раман – біяграфічны: пра сталенне ў СССР і сцвярджэнне сябе як беларуса, як еўрапейца, як паспяховага чалавека родам з краіны, дзе паспяховасць не віталася. Іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі выйшаў гэтай восенню ў выдавецтве Gutenberg Publisher.
Comments are closed.