«Бацькаўшчына колеру зямлі» – такую назву мае кніга ўраджэнкі падляшскай Сакольшчыны, журналісткі тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» Уршулі Шубзды, якую яна ўпершыню прэзентавала ў беластоцкім пабе Beer4you у рамках праекта Beer&History. Змест выдання – гутаркі з людзьмі, якія размаўляюць на максімальна прыбліжанай да беларускай мовы гаворцы, але беларусамі сябе не атасаямляюць.

Уршуля Шубзда

Нягледзячы на тое, што тэрмін «Чорная Русь» даволі спрэчны адносна тэрыторыі паўночна-ўсходняга рэгіёну Падляскага ваяводства, бо ў гісторыі сустракаюцца розныя месцы тэрытарыяльнага акрэслення Чорнай Русі, спадарыня Уршуля лічыць, што менавіта родная Сакольшчына ёсць яе Чорнай Руссю.

«Я напісала гэту кніжку, каб сабе самой растлумачыць, чым для мяне з’яўляецца Чорная Русь, пра якую ў нас у Польшчы не можна пачуць. Людзі, з якімі сустракаюся ў час сваіх журналістскіх падарожжаў, гаварылі пра тую краіну, пра нейкае паняцце, пра Чорную Русь. Але альбо не хацелі, альбо проста не ўмелі, хутчэй, не хацелі гэтага тэрміну тлумачыць. Гэта выклікала ў мяне такую цікавасць, што вырашыла для сябе самой адкрыць, чым з’яўляецца Чорная Русь, і вось дзякуючы таму ўзнікла гэта кніга», – распавяла на прэзентацыі Уршуля Шубзда.

У кнізе, якая была выдана летась праз Праграмную раду тыднёвіка «Ніва», вялікая колькасць размоў журналісткі, занатаваных падчас яе прафесіянальных вандровак па родным краі. Варта адзначыць, што людзі, якія жывуць у гэтай частцы Падляшша, у асноўным каталіцкага веравызнання, хоць і размаўляюць на амаль што літаратурнай беларускай мове. Для іх больш звыклымі ёсць лацінскія літары, таму кніга ў двух правапісах – звычайнай наркамаўкай і беларускай лацінкай. Дарэчы, як адзначыла спадарыня Уршуля, у беларускасць яе ўцягнула творчасць Зоські Верас.

Падчас прэзентацыі яе вядучы гісторык Алесь Кіркевіч не мог пакінуць па-за ўвагай малую радзіму Кастуся Каліноўскага вёску Мастаўляны, пра жыхароў якой таксама ёсць у кнізе і дзе, як аказалася, мясцовы праваслаўны святар адмоўна ставіцца да гэтай гістарычнай постаці. У Мастаўлянах стаіць помнік Кастусю Каліноўскаму, але як стала зразумела з прэзентацыі, людзі ў вёсцы даволі спакойна, мякка кажучы, ставяцца да правадыра беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Агульны наклад «Бацькаўшчыны колеру зямлі» – трыста экзэмпляраў. Ужо запланавана яе прэзентацыя ў Саколцы ў камяніцы Тызенгаўза. А таксама Уршуля Шубзда марыць прадставіць сваё выданне ў беларускай Гародні.

Comments are closed.