Пікет праціўнікаў канферэнцыі, мініраванне атэля, завочная дуэль Валерыя Сахашчыка з прадстаўніком палка Каліноўскага, выхад з ценю Генадзя Манько – форум «Новая Беларусь-2023» запомніўся хутчэй асобнымі дэталямі, чым агульным пасылам, які гучаў з трыбуны.
Яшчэ да пачатку канферэнцыі перад уваходам у атэль, дзе яна праходзіла, пачаўся пікет беларусаў, нязгодных з цяперашняй палітыкай дэмакратычных сіл. Па словах актывіста Руслана Хазіна, па беларускім пытанні зараз не назіраецца прагрэсу, не адбываецца ўвогуле нічога істотнага:
— Праціўнік у нас адзін, ён знаходзіцца ў Беларусі, гэта рэжым Лукашэнкі на чале з самім Лукашэнкам. Нашая мэта – нагадаць людзям, якія называюць сябе лідарамі Беларусі і заняліся палітычным турызмам, пра іх абяцанні тры гады таму і тыя лозунгі, якія яны вылучылі і за якімі людзі пайшлі. Гэта вызваленне палітзняволеных, гэта арганізацыя новых выбараў шчырых, праўдзівых, празрыстых, аднаўленне законнасці. Гэта ўсе рэчы, якія былі проста цалкам забытыя і за тры гады, гэтага ніхто ўжо па-просту не ўспамінае… Гэта гучная заява, што былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сіл, насамрэч гэта проста імітацыя, таму што акрамя Офіса Ціханоўскай і нейкіх груп, якія залежаць ад іх фінансава ці яшчэ нейкім чынам, астатнія прадстаўнікі запрошаны не былі. Не першы раз назіраецца такая сітуацыя, калі Святлана Ціханоўская і яе офіс ігнаруе беларускую супольнасць. Нават сёння, Святлана зайшла не з галоўнага ўвахода, каб, верагодна, не сустракацца і не бачыць наш перформанс.
— Наша стратэгія, такая вельмі агульная, яна нязменная з 2020 года. Гэта ціск на рэжым і дапамога грамадскаму руху. Там шмат чаго: гэта і прыцягненне да адказнасці, гэта і санкцыі, гэта і палітычны ціск, зрабіць так, каб не было прысутнасці рэжыму Лукашэнкі ў міжнародных арганізацыях. Каб замест іх былі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, каб не чулі гэтую лжывую прапаганду на міжнародным узроўні. Гэта і дапамога палітвязням, і прасоўванне нашай нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці. Але ж на ўсё гэта патрэбная падтрымка. Не толькі інстытуцыянальная, але і саміх беларусаў.
— Ці ўдалося аб’яднаць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці за гэты час? Бо на слуханнях у Каардынацыйнай радзе гучала, што нават прадстаўнікі АПК не заўсёды ўзаемадзейнічаюць.
— Я не пагаджуся з тым, што не змаглі прадстаўнікі АПК аб’яднацца. Мы павінны разумець, што гэта розныя людзі, з рознымі структурамі, з рознымі бэкграундамі. І тое, што мы збіраемся разам, мы спрабуем удакладніць нашую стратэгію агульную, гэта і ёсць аб’яднанне. Людзі аб’ядноўваюцца вакол ідэі. Калі ты хочаш уключыцца ў гэтую барацьбу вакол ідэі, так уключайся. А калі людзі толькі задаюць пытанні, і не гатовы працаваць, то гэта не аб’яднанне. Шмат чаго зрабілі за апошні год, але і шмат чаго не зрабілі. Мы дамагліся таго, што беларусаў зараз не лічаць такімі ж як расіяне, прызнанне таго, што рэжым Лукашэнкі – гэта не беларусы. Гэта так проста гучыць, але за гэтым стаіць вельмі цяжкая праца.
— Ці назіраеце Вы, што ў беларусаў падае цікаваць да дзейнасці дэмакратычных сіл?
— Я мяркую, што ў людзей ёсць расчараванасць. Бо ўсе мы, і я ў тым ліку, хацелі, каб усё адбылося хутка. Не ўлічылі ўсе ўмовы. Не ўлічылі, што будзе недахоп людзей і недахоп сродкаў на арганізацыю больш шчыльнай каардынацыі. Але я ўпэўнена, што вось гэты агонь у сэрцы, ён гарыць. І калі спатрэбіцца дапамога людзей у Беларусі, яны выйдуць зноў. Але ж мы павінны быць упэўнены, што гэта менавіта той час і тое месца, калі мы зноў павінны выступіць.
У залі прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый, якіх не ўсе чакалі ўбачыць на канферэнцыі. Размова ідзе пра полк Каліноўскага. Пры гэтым у закрытай сустрэчы дэмакратычных сіл, якая праходзіла 5 жніўня, беларускія добраахвотнікі ўдзелу не бралі, хоць першапачаткова былі заяўлены. Чаму так адбылося, прадстаўнік палка Павел Кухта, адказаў: «не маю разумення». Кантакты з офісам Ціханоўскай і ў прыватнасці з Валерыем Сахашчыкам Павел пракаментаваў так:
— Трэба факт: аб чым і з кім размаўляць. Калі людзі кажуць пра нейкія ІТ-падраздзяленні ў тысячу чалавек, першы праект «Пагоня», другі праект – аэравыведка, трэці праект – Другі інтэрнацыянальны (легіён–рэд.), зараз чацвёрты праект. У палку проста не бачаць сэнса размаўляць.
— Але Вы казалі, што полк гатовы размаўляць з усімі?
— Так, вось гэтая канферэнцыя, якая плануецца ў Кіеве, туды запрашаюцца абсалютна ўсе выказаць свае меркаванні і расставіць кропкі над «і». Пытанне не ў прозвішчах ці змене прозвішчаў у Кабінеце, гэта крызіс сістэмны. Гэта падыход і стратэгія структур, якія хочуць дамаўляцца праз свае асабістыя нейкія знаёмствы ў Беларусі. Гэта не падыход вызвалення. І калі мы кажам, што мы павінны чуць беларусаў у Беларусі, ніводзін беларус гэтага не падтрымае.
Валерый Сахашчык адзначыў, што не раз звяртаўся ў полк Каліноўскага з прапановамі, ініцыятывамі: «У мяне добры кантакт з іх ваюючымі падраздзяленнямі, але са штабам неяк не складваецца. І абсалютна дакладна, не па маёй віне».
Інтрыгай канферэнцыі было, застанецца ці не Аляксандр Азараў у Аб’яднаным пераходным кабінеце. Каардынацыйная рада яго кандыдатуру не адобрыла. Святлана Ціханоўская прыняла рашэнне, што Азараў з пасады міністра сыйдзе, але застанецца пры Кабінеце курыраваць план «Перамога» і сувязі з беларускім падполлем. Сам Аляксандр Азараў плануе працаваць далей і кажа, што гэта не залежыць ад яго пасад.
— Мы далей будзем працаваць па плане «Перамога». Гэты план належыць ByPol, ён быў створаны супрацоўнікамі арганізацыі. Я прыйшоў у кабінет з гэтым планам і сыйду з гэтым планам у разе патрэбы. Таму што наша асноўная мэта – вяртанне ў Беларусі законнасці і правапарадку. Мы будзем працаваць па гэтым плане з актывістамі ўнутры Беларусі, зараз гэта самае важнае.
Яшчэ з кадравых рашэнняў Ціханоўскай: прадстаўніцтва Офіса ў Кіеве ўзначаліць Генадзь Манько. Да гэтай канферэнцыі яго імя было знаёма толькі вузкаму колу асоб.
— З канца сакавіка мінулага года я знаходзіўся ва Украіне. Я быў да гэтага супрацоўнікам Офіса Святланы Ціханоўскай. Пасада мая называлася «каардынатар па працы з добраахвотнікамі ва Украіне». Мая задача была зразумець іх патрэбы. Займаліся ў асноўным дапамогай – аўтамабілі, рэчы. Да таго ж наша задача – выбудаваць адносіны. Таму што ў святле падзей 24 лютага, мы разумелі, што ёсць магчымасць, калі палітычная сіла можа аб’яднацца з сілавым сектарам, нашымі беларускімі добраахвотнікамі. Таму задача была знайсці кантакты, разуменне і паступова прыйсці да перамоў. Зараз праца ідзе. Ужо выйшлі на разуменне, што ёсць гатоўнасць з таго боку. Гэта пацвярджаюць апошнія сустрэчы ў Кіеве, калі прыязджаў Павел Латушка, Франак Вячорка і яшчэ некалькі чалавек. З палком Каліноўскга разуменне ёсць. «Тэрор» радыкальна настроены і не гатовы пакуль ісці на супрацоўніцтва.
Comments are closed.