Ва Украіне з’явілася новая магчымасць для атрымання адукацыі беларускімі студэнтамі і студэнткамі, якія зазналі палітычныя рэпрэсіі і з гэтых прычын не змаглі атрымаць адукацыю на Радзіме.
У горадзе Ізмаіл дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт абвяшчае пяць стыпендый для бясплатнага навучання грамадзян Беларусі, якія праз палітычныя матывы былі адлічаныя з установаў адукацыі ў Беларусі. Адпаведную дамову падпісаў з рэктарам установы Аляксей Францкевіч, кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь», які ва Украіне дапамагае беларусам. З лістапада беларусы, якія паступяць ва ўніверсітэт, змогуць пачаць навучанне. Пра гэтую ініцыятыву нам распавёў рэктар Ізмаільскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта Яраслаў Кічук.
— На базе нашага ўніверсітэта дзейнічаюць грамадскія арганізацыі, якія супрацоўнічаюць і падтрымліваюць валантэрскія ініцыятывы нашых беларускіх сяброў. І такім прыкладам мы хочам паказаць дзясяткам іншых украінскіх універсітэтаў, якія на ўласную ініцыятыву таксама могуць падтрымаць сотні прадстаўнікоў і прадстаўніц незалежнай беларускай моладзі.
Я магу сказаць пра нашу ініцыятыву: на базе двух інтэрнатаў нашага ўніверсітэта мы плануем арганізаваць прытулак для беларускіх актывістаў і надаць магчымасці для эфектыўнай працы беларускіх грамадскіх арганізацыяў. Пры ўніверсітэце мы стварылі гісторыка-мемарыяльную камісію, у межах якой мы падтрымліваем ініцыятыву перайменавання вуліцы ў нашым горадзе ў гонар палка імя Кастуся Каліноўскага. Мы памятаем, што ўжо больш за 40 беларускіх ваяроў загінулі за незалежнасць Украіны. І такім чынам мы хочам ушанаваць памяць загінулых беларускіх ваяроў.
І я хацеў бы падзякаваць дзяржаўнаму сакратару Міністэрства ў справах ветэранаў Украіны Віталію Загайнаму, кіраўніку дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» Аляксею Францкевічу за падтрымку гэтых нашых ініцыятываў.
Мы плануем прымаць на навучанне беларускіх абітурыентаў на бясплатнай аснове. Гэта можа быць на аснове акадэмічнай даведкі, калі яна ў іх ёсць, пасля таго, як яны вымушаныя былі пакінуць беларускі ўніверсітэт і Беларусь увогуле. Або паступаць нанова ў наш універсітэт.
Яны могуць да нас паступаць як замежныя студэнты, але мы для іх знаходзім данаты, як для замежных грамадзян, і для іх гэта будзе бясплатна. І пра першыя пяць стыпендыяў мы ўжо можам заявіць. Як прыклад. Але мы спадзяемся на тое, што гэтую ініцыятыву падтрымаюць дзясяткі ўніверсітэтаў Украіны – вялікіх універсітэтаў, для якіх гэта будзе добрая магчымасць быць салідарнымі з нашымі беларускімі сябрамі.
Улічваючы тое, што мы – дзяржаўны гуманітарны ўніверсітэт, у нас у першую чаргу спецыяльнасці гуманітарнага профілю. Мы можам прапанаваць спецыяльнасці ў праве, асабліва для беларускіх праваабаронцаў-студэнтаў гэта можа быць цікава, гэта мэнэджмент, псіхалогія, сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя, замежныя мовы, ІТ-сфера. І мы намагаемся супольна з дабрачынным фондам «Вільна Білорусь» прадумаць адукацыйную прафесійную праграму ў беларускай філалогіі.
Па выніках навучання будзе дыплом дзяржаўнага ўкраінскага ўніверсітэту, адпаведна стандартам Міністэрства адукацыі і навукі, адпаведна дзейнаму заканадаўству Украіны. Ён вызнаецца ў краінах Еўрапейскага Саюзу. І з ініцыятывы нашыя студэнты могуць абраць яшчэ і падвоены дыплом, таксама бясплатны, з універсітэтамі Румыніі ці Балгарыі. Менавіта дзяржаўных універсітэтаў. У нас ёсць адпаведныя дамоўленасці з нашымі партнёрамі.
Comments are closed.