30 сакавіка 1918 года сучасная беларуская мова ўпершыню стала адзінай дзяржаўнай. Такое рашэнне прыняў у той дзень Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра тое, чаму так адбылося і аб чым гэта сведчыла, радыё Ўнэт распавёў гісторык, кіраўнік варшаўскай суполкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Дудкін.
— Прадстаўнікам іншых нацыянальнасцяў, якія размаўлялі не на беларускай мове, дазвалялася звяртацца ў дзяржаўныя органы на сваіх мовах, не абавязкова на беларускай. Гэты чыннік пра што сведчыць?
— На мой погляд, гэта такая спроба заспакоіць хваляванні прадстаўнікоў нацменшасцяў. Польшча ў той момант фактычна адраджалася. Была спроба немцаў стварыць польскую дзяржаву пад сваім скіпетрам. Пытанне толькі было ўсходніх тэрыторый – ці яны могуць увайсці ў гэту дзяржаву. Зноў жа, калі польская нацыянальная меншасць звярнулася па пытанню аб уваходзе ў Раду БНР, там яны дзесяць месцаў прасілі, то пытанне паўстае – значыць, польскі бок бачыў сябе часткай вольнай, незалежнай Беларусі. Мы можам сказаць, што гэты быў такі крок, каб заспакоіць адну з частак грамадзян БНР, заспакоіць іх нацыянальныя інтарэсы. А нацыянальныя інтарэсы Беларускай Народнай Рэспублікі былі ў тым, каб кожны грамадзянін, не зважаючы на сваю нацыянальнасць, быў забяспечаны ў нацыянальным развіцці сваім, чуў сябе вольным і быў тым, на каго магла б дзяржава абаперціся ў абароне сваіх межаў. Я думаю, што гэта добры крок быў.
— Як удалося ўвасобіць у жыццё ўсе гэтыя памкненні?
— Калі мы паглядзім на дакументацыю, якая ёсць у архівах БНР, то тут ёсць дакументы і на польскай мове. Ёсць тэксты на расійскай мове па правілах яшчэ дарэформеных. Нават, як мы паглядзім на сітуацыю, калі гэты быў год 1919-1920, да Рыжскай мірнай дамовы, то на занятых палякамі тэрыторыях Беларусі на аднаго настаўніка, які вучыў у беларускай школе, на настаўніка беларускага было менш дзяцей, чым на польскага. То бок, людзі хацелі вучыцца на сваёй мове, і трэба было бараніць гэтае права.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.