Гіганцкія чэргі і ўнікальныя пляцоўкі: схадзілі на Ноч музеяў у Варшаве
13 траўня ў Варшаве прайшла Ноч музеяў. Сёлета яна запомніцца нам у першую чаргу вялікімі чэргамі, у якіх людзі стаялі па некалькі гадзін. Вось так, напрыклад, выглядала чарга ў Бельведэрскі палац.
Таму мы вырашылі ад’ехацца ад цэнтра і адправіліся на варшаўскую Прагу. Пра тое, што сёлета там можна можна будзе ўбачыць унікальную ліўневую камеру стогадовай даўніны, мы ўжо пісалі ў нашым гайдзе. Але каля падземнага аб’екта нас таксама сустрэў натоўп людзей. Людзі распавялі, што стаяць у чарзе ўжо чатыры гадзіны.
Затое на вуліцы Віленскай, атрымалася зайсці ў Музей польскіх гадзіннікаў. Гэта невялікая прыватная ініцыятыва аматараў гадзіннікавага рамяства. У асноўным на экспазіцыі можна ўбачыць экспанаты эпохі ПНР. Вельмі ўтульнае і прыемнае месца, дзе пра кожны, нават самы маленькі гадзіннік, табе могуць прачытаць захапляльную лекцыю.
Літаральна за некалькі метраў ад гадзіннікавага музея – яшчэ адна антыкварная лакацыя. Адчуванне, быццам патрапіў у музей свайго дзяцінства з магнітафоннымі касетамі, старымі кніжкамі і рэчамі, якія бачыў у бабулінай кватэры.
Выпадкова мы трапілі і на тэрыторыю былога трамвайнага дэпо StacjaPraga. Сёння ў старых закінутых гаражах б’ецца сэрца варшаўскага стрыт-арту. Графіцісты, работы якіх можна ўбачыць па ўсёй Польшчы, расказалі нам, што на Празе яны знаходзяцца выключна з захаплення непаўторнай атмасферай раёна, яго падворкамі і жыхарамі. З апошнімі, праўда, адносіны не заўсёды роўныя. Напрыклад, нядаўна жыхарка з суседняга дома падпаліла мастакам двор. Потым сама прыйшла, прызналася і сказала, што ёй нічога за гэта не будзе. Але да такога тут звычайна ставяцца з пэўнай доляй гумару. Таму жанчыне сапраўды нічога за гэта не было.
Завяршыўся наш маршрут на габрэйскіх могілак на Брудне. Гэта адзін з самых вялікіх габрэйскіх некропаляў у свеце, які сёння знаходзіцца ў напаўразбураным стане. Штосьці падобнае мы адчувалі ў Кракаве на фабрыцы Оскара Шындлера. Сярод старых зруйнаваных магільных пліт ты бачыш, як знішчаецца чалавечая памяць.
У невялікай музейнай зале ёсць вельмі цікавая выстава пра пахавальныя традыцыі габрэяў. Самі могілкі лепш, канешне, наведваць днём. Бліжэйшыя месяцы яны будуць адкрытыя толькі па нядзелях з 10.00 да 16.00, а на канікулах, у ліпені і жніўні, комплекс будзе працаваць кожны дзень, акрамя суботы. Абавязкова знайдзіце магчымасць паразмаўляць з супрацоўнікам музея, які выдатна разумее расійскую і можа распавесці нямала цікавага.
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб забяспечыць вам найлепшы вопыт на нашым сайце. Калі вы працягнеце выкарыстоўваць гэты сайт, мы будзем лічыць, што вы ім задаволены.OkПалітыка прыватнасці
Comments are closed.