На Падляшшы прайшоў ужо другі па ліку фестываль традыцыйнай беларускай культуры Soncahraj. Акурат на свята Івана Купала вёсцы Бандары гміны Міхалова адбыўся заключны канцэрт, дзе арганізатары стварылі агульную прастору для гледачоў і выступоўцаў, што ў сваю чаргу наблізіла іх адзін да аднаго і прыцягнула большую колькасць наведвальнікаў.

Да таго, як на пляжы побач з вёскай Бандары зайграла музыка заключнага канцэрта фестываля, традыцыйныя, без якой-небудзь сучаснай аранжыроўкі народныя беларускія песні гучалі 9 чэрвеня ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне, потым 10 чэрвеня – у вёсцы Саколе Міхалоўскай гміны, а 18-га – у вёсцы Цеснае каля Супраслі непадалёк ад Беластока.

Фінал жа 24 чэрвеня пачынаўся зусім не з музыкальных выступленняў. Чакаючы асноўнай часткі імпрэзы, жадаючыя маглі павучыцца плесці паясы і вянкі, варыць крупнік, набыць саламяных павукоў, навучыцца распазнаваць і правільна ўжываць лячэбныя травы, паспрабаваць свойскіх пачастункаў.

Адным з цікавых мерапрыемстваў у рамках Soncahraj стала аўтарская сустрэча з журналістам Сяргеем Лескецем. Ён распавёў пра сваю кнігу «Шэпт», дзе апісвае размовы з беларускімі шаптухамі. Дарэчы, яго кніга перажывае ўжо другое выданне, паколькі, па сцвярджэнні аўтара, вельмі карыстаецца папулярнасцю.

«Вельмі цікава і дзіўна як кніжка працуе, бо здавалася б такі напаўдакументальны рэпартаж, дыялогі з бабулькамі, але людзі потым тэлефануюць і кажуць «я як у сваёй бабкі пабывала», «я сваю бабулю ўзгадала, як дзед хадзіў, абкурваў яе травамі. То бок кожны ўзгадваў нешта са свайго дзяцінства. І я думаю, што кніга як такая замоўленая крыху і яна ў складаны час троху лякуе людзей нейкай сваёй настальгіяй», – распавёў аўтар.

Сяргей Лескець

Пасля прэзентацыі кнігі аб беларускіх шаптухах лес, возера і чыстае паветра пляжа ў Бандарах аздобілі гукі старадаўніх беларускіх песень, якія прывезлі туды спевакі і музыканты з Польшчы, а дакладней Падляшша, Беларусі і Літвы, агулам дзесяць калектываў і асобных выканаўцаў.

Адным з паважаных калектываў, які ўжо не ўпершыню дэманструе публіцы сваю творчасць – гурт з падляшскай вёскі Дабрывада ў складзе Валянціны Клімовіч і Ніны Яўдосюк.

«Я пачала спяваць у 70-я гады, толькі не помню, калі дакладна. І гэта цягнецца аж дагэтуль. Ну быў там троху перапынак. Потым шмат жанчын памёрла. А пазней нас тры засталося. Яшчэ ездзілі там-сям спявалі. А потым трэцяя памёрла, нас засталося дзве, і так вось яшчэ неяк цягнемся», – кажа спадарыня Валянціна.

Валянціна Клімовіч і Ніна Яўдосюк

Гурт «Чырвоныя Шпількі», які складаецца з трох прыгожых падляшскіх жанчын, упершыню выступаў на фестывалі Soncahraj.

«Мы былі вельмі моцна застрэсаваныя. Як мы размаўлялі з дачкой і з сяброўкай, што хіба ніколі мы не былі так застрэсаваныя, як сёння. Але нам вельмі спадабалася, і таму мы ўвайшлі ў гэты праект. Не нам ацэньваць як выйшла, але на ўдзел мы рашыліся хутка», – распавялі ўдзельніцы гурта.

Гурт «Чырвоныя Шпількі»

Не шмат такіх фестываляў, дзе людзі з Падляшша спяваюць свае аўтэнтычныя песні, лічыць спявачка Амэлія Петрочук.

«Ёсць такая нагода, каб маладыя, якія спяваюць свае традыцыйныя песні, маглі б сустрэцца з нашымі настаўніцамі. Цяпер спяваюць бабулі з Дабрывады, і я іх песні таксама спяваю», – паведаміла спадарыня Амэлія.

Амэлія Петрочук

Пасля песень і танцаў, як і належыць на Івана Купала, быў запалены агонь і ўсе жадаючыя прынялі ўдзел у традыцыйным купальскім карагодзе і спевах ля вогнішча.

Варта адзначыць, што як летась, так і сёлета вядучай фестываля Soncahraj на пару журналістам Зміцерам Косціным была яго калега і спявачка Кацярына Ваданосава.

«У мінулым годзе ўсё было абстаўлена, я б сказала з помпай. Была сцэна з асвятленнем. А ў гэтым годзе арганізатары вырашылі быць больш знітаванымі з гледачамі. Увогуле, мэта фестывалю спрычыніць людзей да традыцыйнай культуры, традыцыйнай музыкі. Менавіта з гэтай нагоды адмовіліся ад класічнай сцэны з прыступкамі, ад такога вельмі афіцыйнага фармату ў людскім уяўленні. Менавіта з гэтай нагоды ў нас сёння проста масткі. І мне вельмі падабаецца, што тут побач ёсць вада, таму што любое Купалле мусіць быць побач з вадою», – адзначыла спадарыня Кацярына.

Зміцер Косцін і Кацярына Ваданосава

Зміцер Косцін як прадстаўнік фонду «Тутака» непасрэдна займаўся арганізацыяй і правядзеннем фестываля. Мяркуючы па яго словах, трэнд на збліжэнне артыстаў з публікай аказаўся прываблівы для гледачоў, якіх стала больш, чым летась.

«Мы хочам, каб усе ўдзельнічалі. І сапраўды сёлета бачым, што больш людзей далучаецца да такой формы адпачынку. Вельмі цешуся, што далучаюцца людзі не толькі мясцовыя, бо для мясцовых гэта дзіковінка, гэта штосьці новае. У тым сэнсе, што за доўгія гады яны прызвычаены да эстраднай культуры, а тут раптам зноў традыцыйная, якую некаторыя маглі памятаць толькі з дзяцінства глыбокага. Бачу, што ёсць моладзь, ёсць людзі, якім падабаецца гэтая традыцыйная культура. Яны прыязджаюць з Варшавы, з розных месцаў. Цешыла нас, што турысты далучаліся і, дзякуючы гэтаму, многія грамадзяне Польшчы даведваліся пра беларускую меншасць на Падляшшы і беларусаў, якія тут ёсць», – распавёў арганізатар фестываля.

Comments are closed.