У грузінскім Батумі адкрыліся адразу дзве беларускія школы. Гэта так званая «школка» – школа выходнага дня. Яе першыя заняткі адбыліся 14 кастрычніка і будуць праходзіць штосуботу. А заняткі звычайнай агульнаадукацыйнай школы пачаліся напярэдадні і будуць адбывацца цягам тыдня. Пра тое, як ствараліся гэтыя школы, як там арганізаваны адукацыйны працэс і якія праблемы дасюль маюць беларусы ў Грузіі ў плане адукацыі паразмаўлялі са стваральніцай беларускай шматфункцыянальнай прасторы «АкСяродак» і дырэктаркай двух беларускіх школаў у Батумі Аксанай Акуневіч.
— Калі мы прыехалі ў Аджарыю паўтара года таму, запыты ад беларусаў былі абсалютна розныя. Калі я ехала ў Батумі, мне падавалася, што ў мяне будзе месца працы, мы створым новую школу. Для гэтага мяне запрашалі. Пакуль я даехала, аказалася, што ўяўленні нават трох асноўных сем’яў, якія хацелі стварыць гэтую школу, разыходзіліся абсалютна. Адна сям’я бачыла такую абсалютна акадэмічную школу пра веды. Адна сям’я хацела, каб дзеці найменш напружваліся. І яшчэ адна сям’я – каб найменш напружваліся бацькі.
У Грузіі за стандартамі ёсць унікальная сітуацыя. Я такой больш нідзе не сустракала. Гэта так званыя сектары. Гэтая адукацыя, магчыма, першапачаткова была для нацыянальных меншасцяў. Сектар навучаецца па праграме той краіны, з якой выхадцы. Напрыклад, іранскі сектар навучаецца па іранскай праграме, турэцкі сектар – па турэцкай праграме. Пасля (пачатку) вайны быў створаны ўкраінскі сектар і навучаецца цалкам па ўкраінскай праграме і нават адзнакі ў атэстаце ўкраінскай сістэмы ацэньвання.
На жаль, нам пакуль не атрымалася стварыць беларускі сектар. Хаця, мы не губляем надзеі. Нам у Міністэрстве адукацыі сказалі, што звычайна гэта займае гады тры. Але пакуль што ў нас не атрымалася нават распачаць. Галоўная праблема звязана з тым, што, хутчэй за ўсё, сучасныя ўлады Беларусі не будуць зацікаўленыя ў стварэнні менавіта беларускага сектара. Тым больш, што ёсць расійскі сектар, дзе навучаюцца па расійскіх праграмах.
Але наша школа – гэта падвоеная школа, беларуска-грузінская. І дзеці засвойваюць праграму як грузінскую, так і беларускую. Яны навучаюцца на роднай – беларускай, мове, а ўжо атэстоўвацца будуць па тых класічных кантрольных, якія пішуць грузінскія дзеці. Зараз нашыя самыя старэйшыя дзеці – гэта шосты клас. У Грузі навучаюцца 12 гадоў. І нават, калі нам за наступныя шэсць гадоў не атрымаецца стварыць беларускі сектар, мы разлічваем, што нашы дзеці атрымаюць грузінскі атэстат.
Мы спрабуем шукаць розныя варыянты рашэнняў. На мінулым тыдні ў Грузіі была спадарыня Аліна Коўшык (прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях нацыянальнага адраджэння – РУ). І на сустрэчы з ёй мы падымалі прапанову пра тое, што, калі ўжо плануюць альтэрнатыўныя пашпарты, то магчыма, каб зрабілі альтэрнатыўную атэстацыю для беларусаў. Альбо паспрыялі для стварэння беларускага сектара ў Грузіі. Не ведаю, чым скончацца гэтыя перамовы Пераходнага кабінету, але спадзяемся на нейкае станоўчае рашэнне.
— Адметнасць у тым, што ў нас тая ж матэматыка, фізіка, чалавек і свет таксама вывучаюцца на беларускай мове. То бок, беларускі кампанент – гэта беларуская мова, беларуская літаратура, матэматыка, чалавек і свет, гісторыя і культура Беларусі, у старэйшых класах дадаецца яшчэ фізіка, біялогія, геаграфія, хімія. А на грузінскіх занятках яны вывучаюць грузінскую мову, у гэтым годзе французскую мову, шахматы і культуру і гісторыю Грузіі. Калі дзеці нармальна будуць засвойваць тры мовы, мы дадамо яшчэ ангельскую ў гэтым годзе.
У грузінскіх школах вывучэнне ангельскай мовы абавязковае. Таму ніякім чынам нельга прайсці міма яе, як і міма вывучэння шахмат. Гэта абавязковыя прадметы. Лічыцца, што шахматы добра развіваюць матэматычнае мысленне, прасторавае мысленне. Цікава, што шахматы, як прадмет, плён далі моцны. Я размаўляла на турнірах з нашымі беларускімі моцнымі падлеткамі, хто ў Беларусі ў 12-13 год былі дарослымі майстрамі спорту, іх тут абыгрывалі нават дзяўчаты. Таму, я думаю, што гэта быў тут такі спосаб вырашэння праблемы з фізічна-матэматычным навучаннем.
Кошт для бацькоў – гэта 300 лары беларуская частка і каля 200 лары грузінская. У суме гэта трошкі больш за 200 даляраў на месяц. Тое, што бясплатна – я бачу, што попыт вельмі вялікі. Беларусы – даволі асцярожная нацыя. Я ведаю, што большасць назірае. Гэта даволі лагічна і стратэгічна. Хутчэй а ўсё будзе больш бачна пасля новага году, калі ў людзей скончацца першыя траншы аплаты за іншыя платныя школы. Але мяне натхняе, што мне ўжо тэлефануюць і пытаюць ці можна запісацца на наступны год у першы клас.
Comments are closed.