Беларусы не прымаюць вайну і выступаюць супраць яе. Прычым, не толькі ў думках ці словах. Але ў цяперашнім рэпрэсіўным рэжыме рабіць адкрытыя выступы вельмі складана. Тым не менш, многія наважыліся на гэта і патрапілі ў кіпцюры лукашэнкавага карнага апарату. За што і як улады пераследуюць беларусаў, якія выступаюць супраць расійска-ўкраінскай вайны, распавяла юрыстка Праваабарончага цэнтра Вясна Святлана Галаўнёва.
За якія аб’ектыўна дзеянні, скіраваныя супраць вайны, улады пераследуюць беларусаў і як гэтыя дзеянні трактуюць улады?
З больш як 1000 кейсаў, якія мы ведаем пра адміністрацыйны пераслед, гэта ў асноўным быў пераслед за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах – гэта людзі, якія насамрэч выходзілі на антываенныя пікеты ці вулічныя пратэсты, у тым ліку каля выбарчых участкаў падчас так званага канстытуцыйнага рэферэндума 27 лютага. Таксама былі справы за тое, што ў людзей былі жоўта-блакітныя стужкі ці нават адзенне ў жоўтых і блакітных колерах. Таксама паводле артыкула 24.23 пераследавалі за постэры «Не вайне» і за заклікі ў сацсетках да ўдзелу ў антываенных пратэстах. Даволі шмат было кейсаў пераследу за так званы распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі людзі рэпосцілі ці спрабавалі распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра вайну, але гэтая інфармацыя была ў медыях, якія ўключаныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. І за гэта людзей штрафавалі і арыштоўвалі на содні. Напрыклад, у сакавіку некалькі жанчын было затрымана за тое, што яны разам маліліся аб спыненні вайны каля расійскай амбасады.
Што тычыцца крымінальнага пераследу, то самы вядомы кейс – гэта рэйкавыя партызаны. Гэтыя людзі спрабавалі спыніць цягнікі з расійскімі войскамі. Яны выводзілі з ладу чыгуначнае абсталяванне. Там не было ніякага гвалту ці пагрозы жыццям людзей і вялікай шкоды маёмасці. Але, калі іх затрымлівалі, то рабілі вобшукі паводле трох артыкулаў – шпіянаж, здрада дзяржаве і акт тэрарызму. Але, калі прад’яўляліся абвінавачванні, там застаўся толькі акт тэрарызму ці пагроза яго здзяйснення. І былі ўжо першыя прысуды – тэрміны былі 11 – 15 год у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама шмат кейсаў па стварэнні ці ўдзелу ў экстрэмісцкіх фармаваннях. Гэта датычылася рэгістрацыяў у плане «Перамога», які таксама прадугледжваў удзел у антываенных актыўнасцях. За гэта быў, напрыклад, асуджаны Віктар Кулінка на 3 гады калоніі ўмовах узмоцненага рэжыму і Аляксей Шышкавец – таксама калонія ўзмоцненага рэжыму, але 11 гадоў. Чаму такая розніца – складана казаць.
Таксама ёсць абвінавачванні ў так званым фінансаванні экстрэмісцкіх фармаванняў. Гэта за данаты палку імя Кастуся Каліноўскага. Такое абвінавачванне прад’яўляецца Аляксандру Волчаку, але прусуду пакуль няма.
Вядзецца пераслед і за так званае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта за перасылку фота і відэа ваеннай тэхнікі. Вядома пра такія справы на 12 чалавек. Прысуды ў іх ужо ёсць на тэрміны ад 2 да 4 год.
Таксама ёсць дзве справы за нібыта абразу прэзідэнта. Першы – гэта Аляксей Вячэрні – тык-токер, які апублікаваў антываенны верш і яго асудзілі да 1 года і 9 месяцаў калоніі. Таксама кейс Дануты Пярэдні. Ёй былі прад’яўленыя абвінавачванні ў абразе прэзідэнта і распальванне варожасці за тэкст антываеннай тэматыкі ў яе сацсетках з крытыкай Пуціна і Лукашэнкі. Яна асуджаная на 6,5 гадоў калоніі. Ёсць яшчэ кейс Мерыем Герасіменка, але там пакуль дакладна невядома, у чым яе вінавацяць. У яе быў канцэрт на вуліцы ў Менску, дзе яна спявала песню гурта «Океан Ельзи» і за гэта яе затрымалі. Спачатку была інфармацыя, што гэта адміністрацыйнае затрыманне, але потым высветлілася, што яна насамрэч затрыманая за тое, што яна таксама данаціла на Байрактар для Украіны.
А якія санкцыі гэтых артыкулаў? Што максімальна можа чакаць тых, хто змагаецца супраць вайны Расіі з Украінай?
Паводле адміністрацыйных справаў за ўдзел у масавых мерапрыемствах – гэта арышт да 30 содняў. А за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і непадпарадкаванне ўладзе – да 15 содняў. Але мы ведаем шмат выпадкаў, калі за першым арыштам прызначаюць яшчэ і яшчэ. У крымінальных справах самыя вялікія тэрміны – гэта за артыкулы, звязаныя з тэрарыстычнай дзейнасці. І тут мы бачым тэрміны зняволення да 15 гадоў.
Comments are closed.