Беларусы Варшавы ў гадавіну пратэстаў прайшлі маршам па вуліцах польскай сталіцы. Гэтым разам стартавай кропкай было абранае незвычайнае для беларускіх маршаў месца, бо раней усе маршы праходзілі выключна на заходнім беразе Віслы. Гэты ж марш пачаўся ад Кафедральнай базылікі святых Міхаіла і Фларыяна. Першая частка маршу праходзіла па мосце Шлёнска-Дамброўскім праз Віслу ў бок Замкавай плошчы. У гэты дзень людзі ўспамінаюць, як гэта было тры гады таму, калі вось такія маршы праходзілі па ўсёй краіне, аналізуюць вынікі, што атрымалася, а што не і рыхтуюцца да новай магчымасці змяніць усё ў Беларусі.
«Тры гады таму мы хораша адчулі момант. Выйшлі, выступілі, зрабілі што маглі. На жаль, частка людзей патрапіла, частка не. Гэта жаўнеры той вайны, якія засталіся ахвярамі на жаль. У мяне такое меркаванне, што мы проста чакаем наступнага моманту. Ён, спадзяюся, наспявае».
«Я бачу шмат людзей, якія збіраюцца і я бачу дзяцей. І гэта цікава для мяне, таму што гэта не дарослыя людзі, якія супраць улады, а гэта дзеці. І нашыя дзеці, яны так сама са сцягамі, яны ведаюць беларускую мову, яны ведаюць беларускія спевы. І будучыня за дзецьмі».
«Дзень вельмі значны, таму што падзяліў усё на да і пасля. На дадзены момант гэта вельмі балючая дата. Таму што з аднаго боку ты бачыш, што салідарнасць нікуды не знікла, колькі беларусаў збіраецца па ўсім свеце. З іншага – ты заўсёды памятаеш пра палітвязняў, пра тое, колькі людзей зараз катуюць у засценках. На дадзены момант, гэта дата, якая нам усім нагадвае пра тое, дзеля чаго мы ўсё гэта пачалі і куды нам трэба далей рухацца»
«Уражанне ад трох гадоў, канешне, неадназначнае, таму што, відавочна, людзі вераць у цуд і спадзяюцца, што ў любым моманце ў Беларусі наступяць перамены. Але яны проста так, самі не ўзнікнуць. Іх трэба рыхтаваць і актыўна прасоўваць. Таму вельмі шмат надзеяў, якія былі звязаныя з падзеямі ў дваццатым годзе, яны расцягнуліся па часе. Але я цалкам упэўнены, што перамены ў Беларусі будуць».
Падрабязней, як прайшоў марш у гадавіну пратэстаў, слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.