11 лістапада Польшча адзначала Дзень Незалежнасці. У гэты дзень у 1918 годзе было падпісана Камп’енскае перамірʼе, якое паклала канец Першай сусветнай вайны, канец існавання старых імперый у кантынентальнай Еўропе і, як следства, узнікненне шэрагу новых дзяржаў. 104 гады таму быў створаны першы польскі дэмакратычны ўрад. Яго ўзначаліў маршал Юзаф Пілсудскі.
Традыцыйна ў гэты дзень дзясяткі тысяч людзей па ўсёй Польшчы выходзяць на вуліцы, каб узяць удзел у святочных шэсцях. У Варшаве з самай раніцы пачаліся афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды свята. Прэзідэнт краіны, Анджэй Дуда, усклаў вянкі да помнікаў айцам Польскай Незалежнасці: Юзафу Пілсудскаму, Раману Дмоўскаму, Ігнацыю Яну Падзерэўскаму, Ігнацыю Дашынскаму, Вінцэнту Вітосу і Войцэху Карфанты. У мерапрыемствах прынялі ўдзел і іншыя афіцыйныя асобы Польшчы, а таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа з жонкай.
Неафіцыйную праграму працягнулі два маршы па вуліцах Варшавы. Маршы адрозніваліся сваёй палітычнай скіраванасцю. У 14:30 па мясцовым часе распачаўся «Марш Незалежнасці». У гэтым годзе ён прайшоў пад дэвізам: «Моцны народ – вялікая Польшча». Гэты марш меў больш нацыяналістычны характар. Марш стартаваў на плошчы Дмоўскага на левым беразе Віслы і скончыўся ля Нацыянальнага стадыёна на беразе правым.
За паўгадзіны да «Маршу Незалежнасці» пачаўся, арганізаваны ў адказ, марш «За свабоду, вашу і нашу». Яго арганізатарамі выступілі варшаўскія антыфашысты. Арганізатары запрасілі на гэты марш прадстаўнікоў усіх дыяспар, бо, паводле іх заяваў, хацелі б бачыць Польшчу шматнацыянальнай і шматкультурнай дзяржавай.
«Мая маці – беларуска, а мой дзед быў таксама ўкраінцам. Таму я прыйшоў сёння са сцягам свабоднай Беларусі, а таксама са сцягам Украіны. Жадаю адзначыць, што тут вы можаце ўбачыць і сцяг «вольнай Расіі». Чаму? Таму што я супраць заклікаў «правальвайце» у дачыненні да расейцаў, якія выступаюць супраць Пуціна. Я лічу, што Польшча павінна быць краінай шматнацыянальнай і шматкультурнай, дзе з павагай ставяцца да ўсіх».
Праходзім крыху далей і сустракаем нешматлікіх прадстаўнікоў расійскай дыяспары пад тымі самымі бела-сіне-белымі сцягамі. У нас завязалася гутарка з ураджэнцамі Расіі Пятром і Ірынай. Яны прынялі запрашэнне паўдзельнічаць у маршы. Пры гэтым яны прызнаюцца, што не адчуваюць дыскрымінацыі ў Польшчы. Па словах Пятра, яму блізкія пазіцыі антыфашысцкага руху. Мы не маглі не закрануць тэму сцяга, з якім прыйшлі маладыя людзі. Пётр прызнаецца, што прыняць альтэрнатыўную сімволіку яму было няпроста.
«Мне было даволі цяжка прыняць гэты сцяг, таму што ў нейкім сэнсе я лічу сябе часткай расійскага грамадства. Я разумею, што нам трэба яшчэ доўга абараняць свае чыста чалавечыя інтарэсы і сваё імя, якія пацярпелі ў значнай ступені. Але гэты сцяг мне здаецца добрым сімвалам для гэтага. Ён вельмі ўдала падышоў і мне здаецца, што зараз многія вельмі разʼяднаныя сілы ўспрымаюць яго як выразны заклік выступіць супраць вайны»
«Гэты сцяг без чырвонай паласы. Гэтым мы жадаем паказаць, што мы адмаўляемся паўтараць наша крывавае мінулае. Мы хочам разарваць гэтае крывавае кола войн, рэпрэсій, дыктатуры, імперыялізму і стаць дэмакратычнай Расіяй. Мы тут з салідарнасці з усімі народамі»
Дзяўчына лічыць, што гэта сумесная барацьба за свабоду і, калі ўсе будуць у ёй салідарныя, то будуць бліжэй да перамогі.
«Я б не сказала, што тых, хто падтрымлівае вайну ў Расіі, вось 80%. Гэтага менш, чым пішуць у СМІ. Сапраўдныя лічбы ў сучаснай Расіі мы не можам падлічыць, але, вось, напрыклад, мае знаёмыя падзяліліся 30 на 70%. Толькі 30 адсоткаў падтрымліваюць гэтую вайну. Але людзі падзеленыя, гэта факт».
На думку дзяўчыны, Еўрасаюзу варта было б зноў пачаць выдаваць візы расіянам, якія адкрыта выступаюць супраць вайны. На яе думку, гэта аказала б падтрымку антываеннаму руху ў Расіі і такіх расіян стала б больш.
«Мы, як прадстаўнікі беларускай дыяспары, атрымалі запрашэнне ад арганізатараў і вырашылі прыняць удзел. Марш звязаны з правамі людзей і закліканы паказаць, што Польшча – яна для ўсіх. Хачу адзначыць, што, на шчасце, пакуль мы не сустракаліся з дыскрымінацыяй тут»
Comments are closed.