Некалькі сотняў беларусаў, якія жывуць у Беластоку, адзначылі гадавіну падзей 2020 года, акцыяй салідарнасці з палітвязнямі. 6 жніўня яны прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах горада і правялі два мітынгі. Да акцыі далучыліся і ўлады горада, а яе арганізатары падкрэслівалі, што беларусы за мяжой ні пра што не забыліся і не «перагарнулі старонку».
Пра тое, што ўжо трэці год гарадскія ўлады ўдзельнічаюць у падобных беларускіх маніфестацыях распавёў віцэ-мэр горада Рафал Рудніцкі. Ён нагадаў, што па рашэнні мясцовых улад Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь цяпер знаходзіцца па адрасе – Сквер Вольнай Беларусі. І ўспомніў пра Анджэя Пачобута, які церпіць у лукашэнкаўскіх засценках, як і сотні іншых беларускіх палітвязняў.
У 38 гарадах свету беларусы ад сённяшняга дня пачынаюць выходзіць на акцыі салідарнасці, заявіў актывіст дыяспары Ян Абадоўскі. Ён нагадаў пра падзеі трохгадовай даўніны ў Беластоку.
«Мы сабралі вельмі вялікі марш. Каля тысячы людзей выйшлі, каб паказаць сваю салідарнасць з людзьмі ў Мінску і іншых гарадах Беларусі. Сёння мы сабраліся, каб паказаць тое, што мы салідарны з тысячамі палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі. Сёння мы пройдзем маршам да консульства ўсе разам, каб яшчэ раз пры лукашысцкім консульстве паказаць, што беларусы далей змагаюцца і разам мы пераможам. Жыве Беларусь!»
Стаўшы ў калону і разгарнуўшы вялікае бел-чырвона-белае палотнішча ўдзельнікі акцыі прайшлі па цэнтральных вуліцах Беластока да Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь. Яны скандавалі лозунгі, спявалі песні, неслі сцягі і транспаранты.
Наступны мітынг адбыўся каля консульства. Першай узяла слова дзяячка культуры і грамадская актывістка Яна Шостак. Яна зноў паведаміла, што збіраецца балатавацца ў польскі Сейм на бліжэйшых выбарах і заклікала далучацца да яе перадвыбарчай кампаніі ў якасці валанцёраў. Спадарыня Яна зноў паўтарыла свой перфоманс – «Крык аб Беларусі», да якога далучыліся і галасы многіх прысутных.
— Я з самага пачатку хаджу. А такая падзея для тых, хто ў тэме значная, таму трэба было прыйсці.
— Тры гады праводзяцца розныя акцыі. Нічога не змяняецца ці штосьці ўсё ж такі змяняецца?
— Цяжка сказаць. Калі казаць сур’езна, то аб’ектыўна відавочных зменаў няма. Ну а калі перастаць хадзіць, значыць будзе адчуванне, што ўсё ўжо і не зменіцца ніколі. А пакуль ходзіш, хоць паглядзіш на людзей, для якіх таксама гэта нешта значыць. І разумееш, што нічога не знікла.
«Прывяла салідарнасць, бо я ведаю, як гэта цяжка, калі ты застаешся адзін. Я ведаю, як гэта цяжка, калі ты адзін супраць быццам бы ўсёй улады. А насамрэч ты не адзін. І вось я таксама выходжу за тых людзей, якія засталіся ў Беларусі, якія сядзяць зараз у турмах, хтосьці сядзіць на «хіміі» і гэтак далей. То бок я – іх голас, я – іх ногі, я – іх эмоцыі на гэтым мерапрыемстве».
«Прывяла салідарнасць, падтрымаць беларусаў. Гэта не старонка, якую мы перагарнем. Назад дарогі няма».
Comments are closed.