З 30 верасня па 2 кастрычніка па ўсім свеце прайшло святкаванне Дня спартовай салідарнасці. Яго арганізавалі прадстаўнікі руху вольных спартоўцаў Беларусі пры падтрымцы Фонда спартовай салідарнасці. Пераможца Кубка свету па кікбоксінгу Іван Ганін і былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі расказваюць, як прайшоў Дзень спартовай салідарнасці ў Варшаве, ці хапае еднасці беларускім спартоўцам і чаму ўлады нават пасля задушэння пратэстаў усё яшчэ палююць на вольных атлетаў.

— Што Дзень спартовай салідарнасці азначае непасрэдна для вас?

Іван Ганін: Дата абрана невыпадкова — 30 верасня два гады таму сілавікі затрымалі ў Мінску Алену Леўчанка. У гэтым годзе 30 верасня схапілі нашага сябра Васіля Хамутоўскага, які быў адным з фронтмэнаў руху ў Беларусі. Сам жа дзень сімвалічны як стварэнне беларускага спартовага пратэстнага руху — я не ведаю больш такіх прыкладаў у свеце.

Міхаіл Залеўскі: Гэта дзень, які знаменуе сабой спартыўны супраціў, супраціў дыктатуры Лукашэнкі. Зараз злоўжываюць, спекулююць фразай «спорт па-за палітыкай». Мы хочам зламаць гэты стэрэатып, бо спорт — адзін з важных складнікаў грамадзянскай супольнасці, яе станаўлення, і той шлях, які вольныя спартоўцы прайшлі за гэтыя два гады, даказвае важнасць і сілу спорта і яго аб’ядноўваючую ролю. 

— Дзень спартовай салідарнасці прайшоў амаль у двух дзясятках гарадоў па ўсім свеце. Як атрымалася так пашырыць геаграфію?

М. З.: За два гады спартоўцаў параскідвала па розных краінах. Не было нейкай жорсткай арганізацыйнай структуры. Мы далі магчымасць вырашаць на месцах, як праводзіць мерапрыемствы. Вялікую падтрымку аказалі дыяспары. У Кіеве таксама адбылася імпрэза, дзе кожны займаўся спортам самастойна, а ўвечары была важная сустрэча ў кіеўскай гарадской радзе з прадстаўнікамі спартыўнага дэпартамента, і мы абмяркоўвалі цяперашняе і будучае супрацоўніцтва, санкцыйныя пытанні і дыскрымінацыю. 

— Наколькі ўкраінцы гатовыя слухаць беларусаў, наколькі яны разумеюць, дзе людзі, а дзе рэжым?

М. З.: Безумоўна, зараз беларуская павестка ва Украіне не на першым месцы, і да гэтага трэба ставіцца з разуменнем. Але ёсць людзі, якія цвяроза ацэньваюць сітуацыю, якія ўцягнуты ў беларускі супраціў і ведаюць, што адбывалася ў 2020 годзе, якая колькасць беларусаў была вымушана пакінуць краіну, таму трэба весці дыялог і аб’ядноўваць высілкі для перамогі Украіны і Беларусі.

— Як прайшоў гэты дзень у Варшаве?

І. Г.: Найперш хачу падзякаваць Марыі, якая арганізуе амаль кожную нядзельную сустрэчу ў Варшаве, гэта па вялікім рахунку яе праца. У нас была спроба зрабіць больш вялікую імпрэзу з перакрыццём горада, але як аказалася, мы позна даслалі ліст, і нам не хапіла часу, каб атрымаць дазвол на правядзенне спартыўнай акцыі — для яе трэба падаваць заяўку за 3-4 тыдні, а рашэнне наконт звычайнай акцыі можна атрымаць за тыдзень.

Мы сабраліся на звычайным месцы каля помніка Каперніку. Людзі, якія хацелі нешта сказаць, выходзілі да мікрафона і прамаўлялі. Я таксама выступіў, расказаў пра наш рух, пра палітвязняў сярод спартоўцаў, пасля мы паехалі да Віслы, да спяваючых фантанаў, а потым назад.

— Наколькі шчыльны рух вольных спартоўцаў, ці ёсць у ім еднасць?

М. З.: Здзіўляе, як спартоўцам удалося арганізавана выступаць, удзельнічаць у маршах, працягваць барацьбу. Гэта ўнікальны выпадак у свеце. Не думаю, што ўвесь беларускі спорт магчыма было б аб’яднаць. Прынята лічыць, што спартоўцы заўжды сябравалі паміж сабой, і таму сабраліся, але насамрэч многія ўвогуле не ведалі адзін аднаго і пазнаёміліся ўжо ў працэсе. Яшчэ адзін унікальны паказчык — тое, што нягледзячы на палітычную прыроду руху, ён аб’ядноўвае людзей розных палітычных поглядаў.

І. Г.: Уражвае, што спартоўцы самаарганізаваліся і нешта атрымалася, бо звычайна спартовец — як малое дзіця, для якога менеджар і трэнер накшталт бацькоў, для якога робяць усе ўмовы, каб ён толькі трэніраваўся і думаў, як яму лепш выступіць. А ў нас і спартоўцы кожны з характарам, і «бульбасрач» нас не абмінае, але гэта не перашкаджае нам рабіць сумесную справу. 

— Відавочна, што пратэст у Беларусі даўно задушаны. Васіль Хамутоўскі, які жыве ва Украіне, прыязджае зрабіць аперацыю, і яго затрымліваюць. Ці ёсць разуменне, навошта?

І. Г.: Кола рэпрэсій працуе толькі па спіралі, размах толькі павялічваецца. Не так далёка той час, калі рэжым пачне саджаць сваіх — міліцыянтаў, суддзяў, настаўніц з выбарчых камісій, Азаронка таго ж могуць сваі пасадзіць. Гэтыя рэпрэсіі патрэбныя толькі для застрашвання. 

М. З.: Мы часта кажам слова «рэпрэсіі», але рэдка задумваемся пра яго сэнс. Усё пачынаецца з пераследу, і розніца паміж гэтымі паняццямі ў тым, што пераслед — з’ява індывідуальная, а рэпрэсіі — зачыстка поля, палітычнай актыўнасці, знішчэнне грамадзянскай супольнасці. Сістэма ўжо не можа ідэнтыфікаваць пагрозы і працуе, як каток, пажыраючы сябе.

Comments are closed.