Беларускі палітэмігрант – актывіст і журналіст Валянцін Цішко, якога 3 траўня Дзяржаўная міграцыйная служба дэпартавала з Украіны і вывезла ў Польшчу, здолеў вярнуцца назад. Зараз ён зноў дома ў Львове. Валянцін Цішко распавёў як адбылося вяртанне.
— Як адбывалася вяртанне? З табой нехта звязваўся, ці ты падтрымліваў сувязь праз «Вільну Білорусь»?
— Так, са мною звязалася «Вільна Білорусь», бо відавочна, што гэта нейкая памылка. І мы пачалі разам працаваць над тым, каб гэтую памылку выправіць. А далей усё проста – аўтобус, дарога, мяжа, пашпартны кантроль і «ради вітати Вас на теріторії України».
— А ці звязваліся неяк з табой афіцыйныя органы – дзяржаўная міграцыйная служба ці іншыя службы ўкраінскія?
— Не. Я вёў усю камунікацыю з прадстаўнікамі «Вільної Білорусі». Але, улічваючы сітуацыю, хутчэй за ўсё, службы тут таксама задзейнічаны, бо проста так гэтага б не адбылося.
— А ці былі нейкія пытанні пра пераходзе мяжы?
— Не. Ніякіх пытанняў, праблемаў не было. Працэдура майго праходжання мяжы заняла прыкладна гадзіну. Але гэта літаральна на 5 – 10 хвілін даўжэй, чым усіх іншых астатніх людзей з аўтобуса. Але гэта не дзіўна: грамадзянін Беларусі едзе ва Украіну падчас вайны з трэцяй краіны. Гэта нармальна, што патрэбны быў час, каб разабрацца, хто я такі і чаго я назад еду.
— Якія зараз планы ва Украіне?
— Займацца пытаннем легалізацыі, звязвацца з міграцыйнай службай, вырашаць гэтую сітуацыю, атрымліваць легальны статус, каб далей ужо больш афіцыйна валанцёрыць і змагацца з акупантамі.
Comments are closed.