Пра тое, як і дзе будзе праходзіць беларуска-яўрэйскі фестываль і якая ягоная канцэпцыя распавядае заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны Мая Кацнельсон.
Мы яго правялі ўвосень 20-га года ў гібрыдным фармаце. Фармат фестывалю сфармаваўся, зыходзячы з тае сітуацыі, у якой мы яго пачыналі. Частка мерапрыемстваў была анлайн – гэта была прэзентацыя праектаў, якія працягваюць жыць і застаюцца дасяжнымі. І нешта мы правялі афлайн у Мінску. Ён быў вельмі папулярным. Асноўную камунікацыю мы вялі ў сацсетках, проста праз адсутнасць ужо ў той час нейкіх іншых варыянтаў. І гэта «стрэліла» – больш за 5 тысяч удзельнікаў было ў першы раз і больш як з 10 краінаў.
У 2021 годзе мы таксама яго правялі ўвосень у анлайн-фармаце. Было больш за 6 тысяч удзельнікаў. І сёлета вельмі складана было арганізаваць, бо параскідала і каманду ў тым ліку па розных краінах. Але ўсё атрымалася. Мы хацелі падкрэсліць гэтую гісторыю рассейвання. Таму ён праходзіць афлайн у розных гарадах і анлайн дасяжны для ўсіх.
23 снежня ў двух розных гарадах – Вільні і Варшаве будзе адна і тая ж вечарына, яна прысвечана музычнаму альбому, які выйшаў таксама ў рамках фестывалю летась, ён завецца «Райсн-электронік». Гэта беларуска-яўрэйскія мелодыі, музыка, якую мы збіралі, рабілі калісьці музычны падкаст, а потым прапанавалі сучасным беларускім электронным саўнд-прадусарам пераасэнсаваць і стварыць новыя трэкі на аснове гэтага архіва.
Адбылася прэзентацыя мультфільма, які створаны Парыжскім ідыш-цэнтрам, і для фестывалю ён упершыню паказаны анлайн, таму што раней ён існаваў у выглядзе такога перформанса і анімацыі. Гэта мультфільм, створаны на аснове знакамітага выдання ідышскай дзіцячай літаратуры «Інгл-Цынгл-Хват» пісьменніка Мані Лейб, ілюстраванага мастаком Эль Лісіцкім. Гэта лічыцца шэдэўрамі мастацтва і літаратуры.
Заўтра выходзіць адмысловы выпуск з Мікітам Монічам і ягоным каналам «Около культуры», прысвечаны яўрэйскім мастакам з Беларусі, віцебскай школе. Гэта будзе невялікая такая серыя.
Таксама будзе паказаны спектакль, які паставіў Парыжскі ідыш-цэнтр, ён называецца «Джэйкаб Джэйкабсан» паводле беларускага яўрэйскага пісьменніка Аарона Цэйтліна, якога мы ў большасці таксама наўрад ці ведаем. Але твор геніяльны. Ён быў напісаны ў 1930-м годзе і стаў вельмі прароцкім. Ён прадказаў Другую сусветную вайну і вельмі актуальна гэты спектакль гучыць дагэтуль.
У чацвер у нас праходзіць афлайн-экскурсія ў Тэль-Авіве. Таму, калі нехта апынуўся ў Ізраілі, то мы запрашаем на экскурсію на тэму беларускага яўрэйства і як беларускае яўрэйства паўплывала на сусветную культуру. У музеі Ану, гэту музей яўрэйскага народу, я думаю. Усім будзе вельмі цікава. Таксама ў нас выходзіць такі адмысловы гайд па месцах беларускіх яўрэеў у Ізраілі разам з 34Travel. Можна будзе пачытаць.
І выйдзе анлайн-гутарка, якую таксама можна будзе пабачыць, пра іміграцыю, пра ідэнтычнасць, пра рассейванне. Мы хацелі паразважаць і паглядзець, як такая глыбокая яўрэйская гісторыя звязана з намі сёння.
Яшчэ ў нас у Лондане, у беларускай бібліятэцы-музеі імя Францыска Скарыны, запланавана прэзентацыя кнігі. На фестывалі мы робім анонс, а сама прэзентацыя адбудзецца ў Лондане 29 студзеня. Таму тых, хто будзе ў Лондане, запрашаем на сустрэчу з перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам і я таксама там буду – крыху распавяду пра цэнтр.
Наш сайт, на якім можна шукаць матэрыялы, называецца, як і фестываль belarusianjewish.com. Гэтак жа нас можна шукаць і ў сацсетках Фэйсбук і Інстаграм.
Адрозненне нашай арганізацыі ад яўрэйскіх арганізацыяў у тым, што гэта не яўрэйская арганізацыя. Мы пазіцыянуем сябе як культурніцкі цэнтр, які робіць праекты, прысвечаныя Беларусі – мультынацыянальнай культуры. Проста вельмі шмат, насамрэч, звязана з яўрэйскай спадчынай, таму што больш за палову гарадскога насельніцтва ў Беларусі былі яўрэі. І людзі папросту не ўсведамляюць, наколькі гэта паўплывала на нашу сучасную культуру, мову, кухню, ідэнтычнасць і гэтак далей. Дагэтуль праз ідэалогію, якая пераследуе нашу краіну доўгія гады, гэта застаецца схавана за гісторыямі польскага, расійскага ці ўсходне-еўрапейскага яўрэйства. І ў нас гэта ўсё вельмі моцна інтэгравалася. Людзі часам не заўжды могуць сваю нацыянальнасць вызначыць: мы ўжо не можам сказаць, што нехта не беларус, а яўрэй, напрыклад, ці наадварот. Таму гэта наша агульная спадчына.
Хочацца запрасіць усіх на фестываль – гэта вельмі незвычайныя фарматы, вельмі сучасныя, вельмі натхняльныя. І мы заўжды радыя не толькі ўдзелу гледачоў, але і партнёрству. Я спадзяюся, што ў нас будзе развівацца ідэя музея, мы зараз працуем над гэтым. І фестываль – гэта добрая магчымасць паказаць, што мы працягваем працаваць і хочам аб’яднаць з дапамогай гэтай працы людзей, якія, магчыма, адчуваюць сябе адарваным цяпер ад сваёй Радзімы і ад сваёй культуры і гісторыі. І не толькі тых, хто з’ехаў цяпер, але і тых, хто з’язджаў у розныя гады.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.