Трэцяга лістапада былі вынесены прысуды лідарам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Антаніна Кавалёва атрымала год калоніі, Аксана Аляксеева – паўтары гады. Кіраўніку АГП Мікалаю Казлову прысудзілі 2,5 года калоніі. Пракаментаваць гэтыя прысуды і дзейнасць партыі ва ўмовах, калі кіраўніцтва за кратамі, мы папрасілі шматгадовага старшыню АГП Анатоля Лябедзьку.
Калі мы паглядзім на час, то гэты працэс прайшоў літаральна за некалькі дзён да з’езда партыі, які мусіць адбыцца 6 лістапада. Таму гэта пасланне ўлады да адной з найстарэйшых палітычных арганізацый Беларусі. І я разглядаю гэта як свайго кшталту запалохванне. Калі раней супраць АГП дзейнічалі «эскадроны смерці», забілі Віктара Ганчара і Юрыя Захаранку, то зараз спрабуюць забіваць палітычна і псіхалагічна, накіроўваючы такія пасланні страху. Таму што абсалютна ні за што, за адзін фотаздымак недзе на вуліцы Менска, людзям даюць калоніі, гэта жахліва. І гэта пасланне ўсім палітычным партыям, якія зарэгістраваныя і дзейнічаюць у Беларусі.
Якія наступствы гэта можа мець? Я думаю, што разлік быў зроблены на тое, што можа і з’езд не адбудзецца з-за гэтага. Але ён адбудзецца. І я думаю, што выберуць і новае кіраўніцтва. Вельмі важна было, што АГП не легла на самазахаванне, і што той жа Мікола Казлоў, які выйшаў з турмы, але не выехаў з краіны, пачаў планаваць паездкі па рэгіёнах. Пакрыху жыццё вярталася ў партыйныя офісы, якія ўсе былі захаваныя. Я думаю, што гэта яшчэ і асабістая помста Міколе Казлову за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Мікола Казлоў зараз лідар партыі, і я думаю, што такі статус захаваецца за ім і пасля 6 лістапада. Мы чакалі, што восенню будзе цалкам зачыстка партыйнай прасторы Беларусі. Але хутчэй за ўсе ў Лукашэнкі пакуль рукі да гэтага не даходзяць. Таму абіраюцца такія кропкавыя акцыі запалохвання.
Comments are closed.