З 5 па 12 сакавіка ў Польшчы пройдзе серыя творчых сустрэч з Аляксандрам Ждановічам. Акцёр, які цяпер жыве і працуе ў Грузіі, выступіць са сваёй новай паэтычнай праграмай «Вось яны, а вось мы». Яна складаецца з вершаў класікаў беларускай літаратуры і нашых сучасных паэтаў. Разлічана імпрэза на дарослую аўдыторыю. Зрэшты, для сваіх маленькіх слухачоў Маляваныч таксама не пакіне без увагі.
Я прыеду ў Польшчу з новай паэтычнай праграмай на новыя і старыя вершы лепшых беларускіх паэтаў. Будуць класікі − Багдановіч, Караткевіч, Геніюш. Будуць сучаснікі − Бахарэвіч, Кудасава. Я нават наважуся прачытаць свой верш! Праграму я назваў паводле аднаго з вершаў Альгерда Бахарэвіча − «Вось яны, а вось мы». Гэтакае асэнсаванне таго, што са мной адбылося пасля 2020 года. Як гэты год паўплываў на мяне як на чалавека, на асобу, на творцу.
Але як бы я ні намагаўся выглядаць сур’ёзным драматычным акцёрам (якім я, уласна, заўсёды з’яўляюся), людзі часта чакаюць сустрэчы не са мной, а з Маляванычам. Таму паралельна будуць імпрэзы з дзеткамі. На жаль, я не прыдумаў, як можна прывезці ў Польшчу сваю батлеечную скрыню, якую мне зрабілі грузінскія майстры. Але буду расказваць пра гісторыю батлейкі, буду штосьці паказваць.
Comments are closed.